Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗАХОЎВАЮЦЦА Ў БЕЛАРУСІ ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА?


Севярын Квяткоўскі, Ратамка

Сярод тых, хто ня бачыць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, мне патрапіліся студэнт і некалькі пэнсіянэраў:

(Студэнт: ) “Мабыць, выконваюцца, канечне”.

(Пэнсіянэр: ) “Цяжка сказаць, я пэнсіянэр, пэнсію атрымліваю, ды й усё”.

(Пэнсіянэрка: ) “Захоўваюцца. У кожным разе, нас ніхто не прыгнятае: мы пэнсіянэры. Дзеці працуюць, усё іх задавальняе, заробак атрымліваюць нармальны”.

А вось супрацьлеглае меркаваньне:

(Спадарыня: ) “У адносінах да пэнсіянэраў. Камунальныя паслугі — якія? Яны атрымліваюць сто тысяч, за камунальныя паслугі плацяць семдзесят. За якія грошы жыць-існаваць? Натуральна, гэта элемэнтарнае парушэньне правоў чалавека”.

(Пэнсіянэрка: ) “Мусіць, не. Цяпер і месца няма. Я як пэнсіянэрка — пэнсія жабрацкая. На яе жыць немагчыма. Атрымліваеш у адным акенцы, пакідаеш у другім. Даводзіцца да сьмерці падпрацоўваць”.

Нямала апытаных мяркуюць, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі памежная:

(Спадар: ) “У нас пяцьдзясят на пяцьдзясят. Штосьці ёсьць, але па сутнасьці глузду няма”.

(Спадар: ) “Часткова. Свабоды слова не захоўваецца. Нейкі выбар ёсьць, але абмежаваны. Выбар стылю жыцьця, выбар адпачынку, выбар працы. Але свабода слова і правы чалавека — не”.

Тыя ж, хто катэгарычна заяўляе пра адсутнасьць правоў чалавека, найперш спасылаюцца на тое, што ўлада ў Беларусі засяроджаная ў адных руках:

(Спадар: ) “У нас існуе адна ўлада, канкурэнтаў якой я ня бачу. Адна справа, калі некалькі партыяў і разнастайных рухаў, якія могуць штосьці сказаць супраць. Але ў нас такога няма. Я бачу, што свабоды слова няма і свабоды выбару таксама няма”.

(Спадар: ) “У нас адныя абавязкі, а правоў як такіх няма”.

(Хлопец: ) “Няма ў нас правоў: ні чалавека, нічога. Ад ранку да вечара глядзім аднаго чалавека па ўсіх каналах”.

І нарэшце, немалая частка людзей дае наступны адказ пра тое, ці выконваюцца ў Беларусі правы чалавека:

(Спадарыня: ) “Вой, я баюся!”

(Карэспандэнт: ) “Ня бойцеся, вас жа ня будуць паказваць”.

(Спадарыня: ) “Усё роўна баюся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG