Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛОНІМСКІЯ ВЕРНІКІ ДАМАГАЮЦЦА ЗАКРЫЦЬЦЯ МЯCЦОВАЙ ГАЗЭТЫ


Ігар Карней, Менск

Супрацоўнікі “Газэты Слонімскай” лічаць, што скандал гэты — не мясцовага маштабу і што ствараецца небясьпечны прэцэдэнт, калі выданьне могуць закрыць ня толькі з палітычных матываў, але і з рэлігійных. Нагадаю, што прычынай канфлікту стаў прыезд у Слонім нейкай знахаркі Соф’і, якую мясцовы сьвятар, айцец Уладзімер, выгнаў з Дому афіцэраў як вядзьмарку. Рэпартэраў, якія прыехалі, каб напісаць пра скандал, на загад айца Ўладзімера зьбілі, а фатакамэру сьвятар забраў з сабой.

Цяпер практычна ва ўсіх цэрквах Наваградзкай япархіі распачаты збор подпісаў за ліквідацыю газэты, якая, на думку падпісантаў, распальвае ў грамадзтве рэлігійную варожасьць. Вось што гаворыць з гэтай нагоды рэдактар газэты Віктар Валадашчук:

(Валадашчук: ) “Атрымліваем лісты, электронныя пасланьні, людзі тэлефануюць. Патрабаваньні розныя: закрыць газэту, звольніць рэдактара. І выказваюцца ў абарону не царквы, а пэўных асобаў — у прыватнасьці, сьвятара Ўладзімера, зь якім у нас і адбыўся інцыдэнт”.

(Карэспандэнт: ) “Ці лічыце вы, што нейкім чынам маглі распаліць рэлігійную варожасьць?”

(Валадашчук: ) “Газэта дае магчымасьць выступіць любой канфэсіі — калі ласка. Але што да падзеі, якая адбылася? Ня мы былі ейнымі ініцыятарамі. Нашыя рэпартэры паехалі на месца здарэньня, і раптам атрымалася, што ва ўсмі вінаватая газэта. Асабіста для мяне гэта незразумела”.

Адна з пацярпелых, карэспандэнтка Вольга Шынкевіч кажа, што за нейкія тры тыдні нечакана стала ледзьве не асноўнай падазраванай ва ўсёй гісторыі.

(Шынкевіч: ) “Мне сказалі, што складу злачынства ў паводзінах сьвятара няма. Дый наогул атрымліваецца, што гэта я парушыла артыкул 40 “Закону аб друку”: маўляў, абавязкова трэба было папярэдзіць сьвятара, што мы фатаграфуем. І яшчэ мне прыпісваюць 5 артыкул закону — распальваньне рэлігійнай варожасьці”.

Газэта рыхтуе заяву ў слонімскую пракуратуру з патрабаваньнем паўторнага дасьледаваньня. Найпершае патрабаваньне — наноў правесьці допыт сьведкаў. Цягам папярэдняга сьледзтва ад справы быў адхілены сьледчы Яўген Чувашкін. Супрацоўнікі “Газэты Слонімскай” лічаць, што той займаў у справе нэўтральную пазыцыю, за што і пацярпеў. Магчыма, ужо ад наступнага тыдня канфлікт будзе ў полі ўвагі гарадзкой пракуратуры. Аднак намесьнік пракурора Віктар Русакевіч лічыць, што справа неадназначная і загадзя казаць пра журналістаў як пра пацярпелых не выпадае.

(Русакевіч: ) “Калі казаць аб’ектыўна, то былі заявы і з боку журналістаў, і з боку прыхаджанаў — з тым, што менавіта журналісты справакавалі сітуацыю. Іншы бок мае афіцыйныя прэтэнзіі, на ўзроўні заяваў, да газэтчыкаў. Таму сытуацыя не зусім простая. Мне падаецца, што з абодвух бакоў былі не зусім этычныя паводзіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG