10 сьнежня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Акурат 10 сьнежня 1948 году Генэральная Асамблея Арганiзацыi Аб’яднаных Нацыяў зацьвердзiла i абвясьцiла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. Асамблея зьвярнулася з заклiкам да ўсiх дзяржаваў – сяброў ААН абнародаваць тэкст Дэклярацыi i зрабiць усё магчымае для “яе распаўсюджваньня, абвяшчэньня i растлумачэньня, галоўным чынам у школах i iншых навучальных установах”. З таго часу прайшло 55 гадоў. Але і сёньня ў Беларусі большасьць артыкулаў Дэклярацыі, на жаль, не выконваецца.
10 сьнежня ў 1520 годзе Марцін Лютэр публічна спальвае ў двары Вітэнбэрскага ўнівэрсытэту папскую булу пра адлучэньне яго ад царквы. З гэтага дня пачынаецца аддзяленьне ад каталіцызму Рэфарматарскай царквы, якую стануць называць лютэранскай. Сам Лютэр празь некалькі дзён зробіць заяву пра тое, што барацьба з папскім засільлем ёсьць справай усёй нямецкай нацыі. Немцы, дарэчы, і сёньня паводле веравызнаньня падзяляюцца на каталікоў і пратэстантаў.
Сёньня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэньня Міколы Бліадухі, беларускага акадэміка, геоляга. На самым пачатку ХХ ст. ён скончыў Пецярбурскі горны інстытут, а з 1922 году быў загадчыкам катэдры геалёгіі БДУ. Пасьля ўзначаліў інстытут геалёгіі Акадэміі навук. Мікола Бліадуха вывучаў карысныя выкапні Беларусі і лепш за іншых ведаў, чым багатая беларуская зямля. Пра вялікі аўтарытэт вучонага сьведчыць тое, што на ягонае пахаваньне ўзімку 1935 году прыйшло вялікае мноства народу. А спачыў акадэмік на менскіх Вайсковых могілках. Ягоны помнік дагэтуль зьвяртае на сябе ўвагу, бо ён адзін зь нешматлікіх тут падпісаны па-беларуску.
10 сьнежня 1892 году ў Горадні нарадзіўся беларускі палітык Павал Аляксюк. Ён працаваў у розных суполках, таварыствах ды камітэтах, быў адказны за палітычную частку пры войсках Булак-Балаховіча, пасьля нейкі час яго бачылі ў Вільні, пасьля ў Наваградку, а ўрэшце ягоны сьлед некуды прапаў. Засталіся артыкулы ў газэтах і ўспаміны.
10 сьнежня 1930 году ў Вецявічах на Слонімшчыне нарадзіўся беларускі паэт і літаратуразнавец Мікола Арочка. Яшчэ за савецкім часам ягоныя гістарычныя паэмы “Курганьне” і “Крэва” ўспрымаліся чытачамі як глыток гістарычнае праўды. А студэнты-філёлягі па ўсёй Беларусі і сёньня вывучаюць манаграфіі Міколы Арочкі пра паэзію Максіма Танка, Валянціна Таўлая ды іншых творцаў.