Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“CHICAGO TRIBUNE”: “РЭЖЫМ ХУСЭЙНА ЗАБІЎ 61 ТЫСЯЧУ ЧАЛАВЕК У БАГДАДЗЕ”


Юрась Бушлякоў, Прага

Вядома, што наймаштабнейшыя масавыя забойствы рэжым Садама Хусэйна ўчыніў на поўначы Іраку, населеным пераважна курдамі, і на поўдні краіны, дзе пераважаюць шыіты. Зьвесткі апытаньня, праведзенага ў Іраку Інстытутам Гэлапа, паказваюць, што зьверствы масава чыніліся таксама і ў сталіцы – Багдадзе. Прадстаўнікі Інстытуту Гэлапа пацікавіліся больш як у тысячы жыхароў Багдаду, ці стаў нехта зь сямейнікаў гэтых людзей ахвяраю Хусэйнавага рэжыму. 6,6% апытаных адказалі станоўча. Арганізатары апытаньня ўзялі пад увагу колькасьць жыхароў багдадзкай мэтраполіі – 6 мільёнаў 390 тысяч чалавек, улічылі, што ў сярэднім багдадзкая сям’я складаецца зь сямі чалавек, і ў выніку падрахункаў аказалася, што 61 тысяча насельнікаў сталіцы была забітая ў пару кіраваньня Садама Хусэйна.

Раней амэрыканскія ўлады ў Іраку заяўлялі, што ня менш як трыста тысяч людзей пахаваныя ў масавых магілах у Іраку. Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў падаюць колькасць ахвяраў, блізкую да пяцісот тысяч, тады як некаторыя ірацкія партыі ацэньваюць колькасьць забітых Хусэйнавым рэжымам на мільён чалавек.

Карэспандэнт “Chicago Tribune” канстатуе, што без эксгумацыі масавых пахаваньняў немагчыма пацьвердзіць прыведзеных лічбаў. У часе нядаўніх эксгумацыяў у Іраку спэцыялісты пацьвердзілі наяўнасьць 41 масавага пахаваньня.

Тым часам сьпіс меркаваных месцаў масавых магіл у Іраку ўключае 270 дзялянак. Наступным месяцам спэцыяльныя групы пачнуць эксгумацыю чатырох масавых магіл з мэтаю знайсьці сьведчаньні для ірацкага трыбуналу, які зоймецца расьсьледаваньнем злачынстваў былога рэжыму. Пры гэтым, – адзначае карэспандэнт “Chicago Tribune”, – ніхто не спадзяецца, што ўсе масавыя пахаваньні будуць эксгумаваныя й некалі ўдасца ўстанавіць дакладную колькасьць іракцаў, забітых рэжымам Хусэйна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG