Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗНОЎ МОЖНА ЧУЦЬ ЛЕГЕНДЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА


Галіна Абакунчык, Менск

Алесь Лось, выступам якога распачалася новая сэрыя канцэртаў — адзін з самых прызнаных рэканстуктараў старажытнай беларускай музыкі і яе віртуёзны выканаўца. Адметнасьцю сёлетняга сэзону стане тое, што разам з прызнанымі гуртамі на сцэну будуць выходзіць і малавядомыя выканаўцы. Акрамя таго, плянуецца, што разам з харавой капэлай Віктара Скарабагатава будуць наладжаныя лекцыі па гісторыі беларускай музыкі, якія будуць суправаджацца канцэртамі. Гаворыць прадусарка праекту “Легенды Вялікага Княства” Арына Вячорка:

(Вячорка: ) “Задачай першага сэзону быў адбор музычных твораў для ўкладаньня дыску “Легенды Вялікага Княства”, і гэты дыск амаль што зроблены. У новым годзе мы плянуем канцэрты тэматычныя, калі мы будзем прапагандаваць ужо не вядомыя калектывы, а менавіта жанр музыкі”.

Першая частка гэтых канцэртаў доўжылася з восені да вясны мінулага году. Аматары старадаўняй беларускай музыкі змаглі паслухаць такія вядомыя гурты як “Стары Ольса”, “Ліцьвіны”, “Контраданс” і многія іншыя. Папулярнасьць гэтых выступаў сярод гледачоў сталася такой вялікай, што на сьвяточную імпэзу ў Дзень абвяшчэньня БНР 25 сакавіка канцэртная заля Дому вэтэранаў здолела ўмясьціць далёка ня ўсіх, хто хацеў туды трапіць. Пасьля гэтага аншлягу арганізатараў вымусілі перавесьці канцэрты ў Моладзевы тэатар эстрады. Гаворыць Арына Вячорка:

(Вячорка: ) “Пасьля скандальнага канцэрту 25 сакавіка мы нават мусілі рабіць паўзу і не праводзіць новых. У траўні чарговы канцэрт ішоў ужо пад ціскам. З пэўных палітычных прычынаў не адбыўся канцэрт 8 верасьня, і мы вырашылі зьмяніць пляцоўку”.

Паводле спадарыні Вячоркі, яшчэ адной асаблівасьцю стане тое, што ад сёлета “Легенды Вялікага Княства” будуць гучаць не пасэзонна, а ўвесь год. Летам пляцоўкай для канцэртаў гістарычнай беларускай музыкі стане залатагорскі касьцёл Сьвятога Роха.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG