Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСПАЧАЎСЯ АФІЦЫЙНЫ ВІЗЫТ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ Ў СЫРЫЮ


Юры Сьвірко, Менск

У аэрапорце Дамаску беларускую дэлегацыю вітаў толькі міністар замежных справаў Сырыі Фарук Шараа. Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад сустрэў Аляксандра Лукашэнку на Палацавай плошчы каля сваёй афіцыйнай рэзыдэнцыі “Каср аль-Шааб”, што ў перакладзе значыць “Народны палац”. Журналісты, якія суправаджаюць спадара Лукашэнку, адзначылі, што палац стаіць на гары, але значная частка будынку знаходзіцца ўнутры гэтай гары і “можа быць выкарыстаная адначасова як рабочая рэзыдэнцыя ды ўкрыцьцё ад паветранай атакі”.

Пра вынікі перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з Башарам Асадам пакуль невядома. Сырыйскае арабскае агенцтва навінаў (САНА) на сваёй Інтэрнэт-старонцы падае зьмест інтэрвію спадара Лукашэнкі газэце “Аль-Баас” з нагоды ягонага афіцыйнага візыту ў Сырыю. Асабліва адзначаецца, што Лукашэнка скрытыкаваў гегемонію аднапалярнай палітыкі, якая нібыта прывяла да войнаў у Югаславіі, Афганістане ды Іраку.

Аляксандар Лукашэнка наведвае Сырыю ўжо другі раз. Упершыню ён вёў там перамовы з бацькам цяперашняга прэзыдэнта Хафэзам Асадам, які памёр, перадаўшы ўладу сыну. Паводле Лукашэнкавай прэсавай службы, мэта другога візыту — актывізацыя двухбаковых дачыненьняў з новым кіраўніцтвам Сырыі й далейшая каардынацыя пазыцыяў дзьвюх краін на міжнароднай палітычнай арэне. Трэба зазначыць, што два месяцы таму камітэт у міжнародных стасунках палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласаваў за ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць Сырыі. Дамаск абвінавачваюць у падтрымцы тэрарызму і разьвіцьці зброі масавага зьнішчэньня.

Акрамя палітычных пытаньняў, падчас візыту абмяркоўваюцца й эканамічныя. Беларусь хоча павялічыць свой экспарт у Сырыю, імпарту адкуль амаль няма. Менск жадае атрымаць сырыйскія інвэстыцыі й пастаўляць Дамаску больш аўтамабіляў. У сераду Аляксандар Лукашэнка наведае тамтэйшы аўтамабільны салён “МАЗ”, які належыць кампаніі “Саккал і сыны”, а таксама сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Наджы аль-Атры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG