Настаяцеля зэльвенскай царквы айца Аляксандра выклікалі ў райвыканкам. Яму сказалі, што каб паставіць помнік, трэба ўзгадняць гэта зь мясцовымі ўладамі, затым з абласнымі, а потым яшчэ зь Міністэрствам культуры. А паколькі гэтага не было зроблена, помнік Ларысе Геніюш трэба прыбраць.
(а.Аляксандар: ) “Будзе ўладыкі экзарха блаславеньне, тады мы будзем дэмантаваць. Таму што ёсьць блаславеньне на ўсталяваньне. Канечне, улады могуць і сваімі сіламі, але гэта наўрад”.
Айцец Аляксандар разам зь сьвятарамі з Горадні ўдзельнічаў у асьвячэньні помніка Ларысе Геніюш. Без дазволу мітрапаліта Філарэта гэтая падзея не адбылася б. На адкрыцьці якраз падкрэсьлівалі, што нарэшце царква павярнулася тварам да нацыянальнай інтэлігенцыі, да эліты народу. Ініцыятар усталяваньня помніка Анатоль Белы зь Менску тады сказаў:
(Белы: ) “Яна абараняла царкву, ужо вярнуўшыся з турмы, будучы сама пакутніцай, будучы гнанай, яна ўзьнімала голас у абарону царквы, у абарону сьвятара. І калі я паказаў гэтыя доказы ўладыку Філарэту, мітрапаліту Менскаму і Слуцкаму, ён проста сказаў: так, яна сапраўды вялікая пакутніца”.
Вярнуўшыся з ГУЛАГу, Ларыса Геніюш пасялілася ў Зэльве побач з царквой, якой не баялася наведваць. Ініцыятары ўсталяваньня помніка лічаць, што паколькі ён стаіць на царкоўным пляцы, узгадненьне з уладамі не патрэбнае. А што датычыць згоды ўраду, дык паводле закону, яе трэба мець толькі пры ўсталяваньні помнікаў рэспубліканскага значэньня.
Тым ня менш, міністар культуры заявіў у Менску, што ў Беларусі апошнім часам усталёўваюць помнікі без адпаведнага дазволу, у тым ліку і ў Зэльве. Пасьля гэтага ў зэльвенскі райвыканкам прыехала Марыя Бірукова — намесьнік старшыні аблвыканкаму, галоўны ідэалягічны начальнік у вобласьці. Сама яна сёньня была вельмі занятая, а яе памочнік Іван Каўбаска ўсё адмаўляў.
(Каўбаска: ) “Я паняцьця ня маю, калі яна туды прыяжджала і што там зьбіраюцца закрываць гэты помнік”.
Паводле няспраўджанай інфармацыі, на дэмантаж помніка Ларысе Геніюш дадзены тыдзень. Між тым, мітрапаліт Філарэт, які даў дабраславеньне на помнік, адсутнічае і вернецца ў Менск толькі 13 сьнежня. Зацікаўленыя асобы лічаць, што ад ягонай пазыцыі будзе залежаць шмат. Паколькі атрымаць афіцыйны дазвол уладаў на існаваньне помніка паэткі нерэальна, яны будуць спасылацца на тое, што яе дагэтуль не рэабілітавалі. У выпадках, якія падобныя да цяперашняга, улады дзейнічалі аднолькава: уначы дэмантавалі памятныя крыжы, усталяваныя грамадзкасьцю. Гэтак было ў Горадні, у Лідзе і ў Лідзкім раёне. Жыхар Зэльвы Юры Качук разам зь іншымі ставіў помнік Ларысе Геніюш:
(Качук: ) “У Зэльве будзе тады вялікі рэзананс: спачатку паставіць помнік, а потым зьняць. У нас сатаністы толькі білі помнікі”.
Юры Качук гаворыць, што ня так даўно ў Зэльве судзілі маладзёнаў, якія разьбівалі надмагільныя помнікі. Дарэчы, камень зь бюстам Ларысы Геніюш стаіць на царкоўным цвінтары побач з старымі надмагільнымі помнікамі. Ю.Качук таксама зазначае, што зэльвенцы вельмі станоўча ўспрынялі зьяўленьне каля царквы помніка вялікай беларускай паэтцы, іхнай зямлячцы.