Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ХОЧАМ ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ!”

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Гэтая кніга складзеная з публікацыяў у друку і рэпартажаў у радыёэфіры, прысьвечаных адной з самых балючых на сёньня праблемаў Беларусі — бясьсьледнаму зьнікненьню апазыцыянэраў. Складальнікі кнігі сабралі найбольш значныя рэпартажы і публікацыі сваіх калегаў на гэтую тэму, дадаўшы да іх зьвесткі пра тое, як цягам апошніх трох гадоў у краіне і за яе межамі праходзіла нацыянальнай кампанія “Хочам ведаць праўду!” Рэдактар кнігі журналіст Павал Уладзіміраў згадвае, як вялася праца над кнігай:

(Уладзіміраў: ) “Калі мы з Андрэем Максімавым рабілі гэтую кнігу, то кожны артыкул перачытвалі зноў, правілі, рэдагавалі, і таму яны нас не асабліва краналі, бо праца ёсьць праца. Але калі кніга была гатовая і як рэдактар я зноў яе перачытаў ад пачатку, то нават у мяне, хоць я не сэнтымэнтальны чалавек, дрыжыкі па сьпіне пабеглі”.

Паводле аўтараў кінігі, сабраныя у ёй матэрыялы, сярод якіх, дарэчы, ёсьць і рэпартажы Радыё Свабода, не пакідаюць месца для сумневу пра лёсы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага, і пра тое, хто вінаваты у трагедыях, што адбыліся з гэтымі людзьмі. Апроч публікацыяў журналістаў, на старонках кнігі сабраныя дакумэнтаваныя паказаньні сьведкаў крымінальных справаў паводле зьнікненьняў. Гэта сьведчаньні генэрала міліцыі Мікалая Лапаціка, падпалкоўніка Алега Алкаева, а таксама тых, чые паказаньні мусяць зацікавіць сьледчых — былых супрацоўнікаў пракуратуры Петрушкевіча і Случака, супрацоўніка КГБ Угляніцы ды іншых.

З гэтых публікацыяў відавочна, што беларускае грамадзтва ўжо атрымала адказ на пытаньні пра зьніклых палітыкаў, але пакуль не адрэагавала на яго гэтак, як чакаюць у цывілізаваным сьвеце. Таму палітычныя ды грамадзкія актывісты і вырашылі зноў пісаць пра гэта кнігі, зноў ладзіць вулічныя акцыі напаміну.

(Уладзіміраў: ) “Трэба гэтаму сярэдняму беларусу нагадваць, што ён беларус, што ён чалавек, а ня быдла і ня мусіць ісьці на бойню, куды яго клічуць”.

Дарэчы, акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей” у Беларусі праводзяцца ўжо каля трох гадоў. За гэты час ў іх узялі удзел больш як 6 тысяч чалавек, зь іх амаль 100 былі затрыманыя ўладамі, некаторыя пакараныя штрафамі.

Між тым, карныя захады ўлады не спыняюць удзельнікаў дэмакратычнага руху, якія зноў выходзяць на вуліцы з партрэтамі зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Журналісты Павал Уладзіміраў і Андрэй Максімаў, аўтары кнігі “Хочам ведаць праўду!”, заўтра таксама выйдуць на Кастрычніцкую плошчу Менску.
XS
SM
MD
LG