Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ “БЕЛАРУСЬ І ПОЛЬШЧА”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У кнізе “Беларусь і Польша” прадстаўленыя матэрыялы, падрыхтаваныя сумесна Польскім Інстытутам міжнародных справаў і Цэнтрам міжнародных дасьледаваньняў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Кіраўнік камісіі ў эўрапэйскіх справах Сэйму Польшчы прафэсар Ежы Яскерня, які прэзэнтаваў кнігу, паведаміў Радыё Свабода, што зь яе зьместам мусяць азнаёміцца польскія парлямэнтары, каб ведаць, як будаваць зь Беларусьсю стасункі і як дапамагчы беларусам вярнуцца ў Эўропу.

(Яскерня: ) “Палітычны лад, які цяпер існуе ў Беларусі, выклікае ў Радзе Эўропы сур’ёзную заклапочанасьць што да легітымнасьці парлямэнту ды пазыцыі кіраўніка Беларусі. Калі б не было гэтых праблемаў, дык у польска-беларускіх дачыненьнях не было б ніякіх перашкодаў. Але мы як суседзі мусім рабіць захады, каб неяк вярнуць Беларусь у Эўропу. Рада Эўропы таксама павінна заўсёды рабіць крок наперад ды падтрымліваць у Беларусі тыя сілы, якія падтрымліваюць дэмакратыю”.

Паводле рэдактара кнігі з польскага боку спадара Адама Эбэргардта, галоўная задача польска-беларускіх дачыненьняў выглядае цяпер наступным чынам.

(Эбэргардт: ) “Трэба намагацца, каб пэўныя праблемы, якія прысутнічаюць у польска-беларускіх стасунках, а гэта зьвязанае з тым, што эўрапейская традыцыя шануе дэмакратыю і свабоду слова, дык вось гэтыя праблемы мусяць як мага меней тычыцца дачыненьняў паміж палякамі і беларусамі”.

Зьмест кнігі ахоплівае розныя аспэкты стасункаў Беларусі з Польшчай, Эўрапейскім Зьвязам і NATO, прычым з пункту гледжаньня як беларусіх, так і польскіх навукоўцаў.

Гаворыць адзін з аўтараў кнігі, намесьнік рэктара БДУ Ўладзімер Астапенка:

(Астапенка: ) “Для мяне галоўнае, што практычна па ўсіх пытаньнях, калі параўнаць погляды польскага і беларускага боку, можна адзначыць, што ёсьць больш агульнага, чым таго, што нас падзяляе. Мы адчувалі, што ёсьць зацікаўленасьць шукаць формы разьвіцьця супрацоўніцтва.

Варта адзначыць, што зусім нядаўна ў Польшчы выйшла іншая кніга: “Эўрапейскі выбар для Беларусі – сцэнары рэформаў”, аднак яе аўтарскі калектыў складаецца цалкам зь незалежных беларускіх экспэртаў.
XS
SM
MD
LG