“Цяжка пазбавіцца адчуваньня, што ў нядзелю Расея зрабіла крок назад”, – піша “Wall Street Journal”. Паводле выданьня, вынікі галасаваньня былі перадвызначаныя, аднак газэта адзначае, што цяперашнія расейскія выбары адлюстравалі імкненьне людзей да стабільнасьці, парадку і прэстыжу дзяржаўнасьці.
Паводле “Wall Street Journal” некаторыя назіральнікі мяркуюць, што новая парлямэнцкая большасьць дасьць Пуціну пасьля яго пераабраньня ў сакавіку ўладу, патрэбную для рэформаў. “Аднак тэндэнцыі апошняга часу выклікаюць сумневы ў тым, ці сапраўды ён хоча пераменаў”, – адзначае выданьне. “Wall Street Journal” даволі жорстка піша пра чыньнікі, якія абумовілі паразу лібэральных партыяў: “Сумная спадчына 90-х палягае ў тым, што карупцыя пры прыватызацыі і іншыя сумнеўныя дзеяньні, названыя рэформамі, папсавалі рэпутацыю свабоднага рынку, спарадзілі недавер да лідэраў бізнэсу і да палітыкаў, што называюць сябе дэмакратамі”.
Брытанская “Guardian” падкрэсьлівае, што ў агульным выніку выбараў ніхто ня сумняваўся. Маштабы перамогі Пуціна былі цікавыя толькі тому, што яны вызначалі, наколькі некантраляванай будзе ўлада гаспадара Крамля ў найбліжэйшыя 4 гады. Посьпех партыі Пуціна дае яму самую вялікую ўладу з часоў Брэжнева, і гэта амаль ідэальны вынік для ажыцьцяўленьня ягонай мадэлі дэмакратыі – піша “Guardian”.
Газэта прыводзіць крытычныя заўвагі наконт хады выбараў, зробленыя АБСЭ, якая адзначыла пасіўнасьць выбаршчыкаў і тэндэнцыйнасьць мэдыяў. Пра тое, што ўдзельнікі выбарчага працэсу ня мелі роўных умоваў агітацыі, што афіцыйныя мэдыі відавочна падтрымлівалі “Адзіную Расеію” пішуць усе выданьні. У прыватнасьці, паводле “Washington Post”: “Адзіная Расеі абавязаная сваім посьпехам баславеньню Пуціна і гучным дыфірамбам на адрас партыі на тэлеканалах, падпарадкаваных дзяржаве”.
Выданьне прыводзіць словы незалежнага дэмакратычнага дэпутата Ўладзімера Рыжкова, які гаворыць: “Цяпер будучыня Расеі ў руках адной асобы – Пуціна. Ці пойдзе ён на новы наступ таталітарызму, нацыяналізму, росквіт імпэрскай палітыкі, ці будзе дастаткова разумным, каб прадухіліць разьвіцьцё гэтых тэндэнцыяў?”
“Washington Post” адзначае, што арышт кіраўніка кампаніі ЮКАС Міхаіла Хадаркоўскага паспрыяў посьпеху “Адзінай Расеі” і “Родины”, паводле апытаньняў, расейцы былі гатовыя падтрымаць кампанію супраць алігархаў. “New York Times” зьвяртае ўвагу на яшчэ адну прычыну, што абумовіла вынік галасаваньня – на буйны тэракт на чыгунцы, што адбыўся напярэдадні выбараў. “Тэракт дадаў галасы прахільнікам прэзыдэнта, расейцы ў абурэньні абядналіся вакол свайго лідэра”, – піша “New York Times”. Выданьне адзначае, што інфармацыйная перавага ўлады не была падчас гэтых выбараў татальнай: “Нягледзячы на кантроль Крамля над тэлебачаньнем, газэты і інтэрнэт-сайты давалі жывыя камэнтары і крытыку”.
Шмат выданьняў заўважаюць, што Дзяржаўная Дума ў сыстэме расейскай улады не адыгрывае значнай ролі, аднак настроі, якія выявілі выбары, могуць адбіцца на курсе Крамля. “Сіла нацыяналістычных партыяў, магчыма, падштурхне Пуціна да таго, каб ён заняў больш жорсткую лінію ў замежнай палітыцы”, – піша “Financial Times”.
Італьянская “Corriere della Sera” прысьвячае свой камэнтар абвінавачаньням з боку расейскіх камуністаў у фальсыфікацыі выбараў. Газэта прыводзіць слова лідэра КПРФ Генадзя Зюганава: “Мы апынуліся перад тварам крызысу дэмакратыі, крызысу выбарчай сыстэмы, вынікі сфальсыфікаваныя”. “Corriere della Sera” з іроніяй цытуе Зюганава, палітыка, які не адмаўляецца ад спадчыны Леніна і Сталіна. “Мне знаёмыя мэтады Пуціна, ягоная лавачка заўсёды робіць адное і тое ж. Яны ўсталявалі паліцэйскую дэмакратыю. Хутка зьявяцца Вышынскі і Берыя. Вы іх атрымаеце”, – заявіў Генадзь Зюганаў італьянскай газэце “Corriere della Sera”.