Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ РАСПАЎСЯ САВЕЦКІ САЮЗ?

Галіна Абакунчык, Менск

На пытаньне – чаму разваліўся Савецкі Саюз – мінакі адказвалі вельмі ахвотна. Але толькі адзінкі сярод іх здолелі ўзгадаць, што 12-я гадавіна гэтай падзеі прыпадае менавіта на сёньняшні дзень.

(Карэспандэнтка: ) “Якая вельмі значная палітычная падзея адбылася 12 гадоў таму?”

(Спадар: ) “Вельмі шкада, але ня памятаю”.

(Спадарыня: ) “У 91-м годзе? У гэты час? Ня памятаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму змагла разваліцца такая краіна, як СССР?”

(Спадар: ) “Вельмі цяжка сказаць хто тут вінаваты. Калі чэсна – не задумваўся”.

(Спадарыня: ) “Таму што для гэтага былі матэрыяльныя, эканамічныя й палітычныя перадумовы”.

(Спадар: ) “Гэта было чыстае здрадніцтва. Гэткую краіну нельга было развальваць”.

(Юнак: ) “Савецкі саюз? Таму што людзі, якія былі на чале гэтай дзяржавы, не былі здольныя распарадзіцца тою ўладаю, якая ў іх была”.

(Юначка: ) “Кожны народ адстойвае свае інтарэсы, а зьверху спрабуюць кіраваць па-іншаму, у абход інтарэсаў народу. Таму й разваліўся Савецкі Саюз”.

(Спадар: ) “Прычыны развалу – эканамічныя, бо – дзяржплян, з усімі магчымымі наступствамі”.

(Спадар: ) “Я лічу, што яго разваліла ганаровая камуністычная партыя й чырвоная армія разам зь ёй”.

Меркаваньні маіх сёняшніх суразмоўцаў гэтаксама падзяліліся й адносна пытаньня – наколькі распад СССР быў станоўчай падзеяй для Беларусі?

(Карэспандэнтка: ) “Распад СССР для Беларусі быў станоўчай ці адмоўнай зьявай?”

(Юначка: ) “Я лічу, калі краіне разьвівацца самастойна – а мы заўсёды гэтага хацелі, паводле нашай гісторыі – то, безумоўна, гэта станоўчы факт”.

(Спадар: ) “У тыя часы я быў упэўнены ў заўтрашнім дні: у заробку й пакупніцкай здольнасьці рубля. Сёньня такой упэўненасьці няма”.

(Спадар: ) “Беларусь была перапрацоўчай дзяржавай, а цяпер сыравіна засталася там”.

(Спадар: ) “Канечне, станоўчая. Беларусь бяз крыві, без вайны, упершыню, фактычна, за апошнія некалькі стагодзьдзяў, атрымала незалежнасьць. Людзі за гэта на шыбеніцы ішлі, кроў пралівалі, а тут – само ў рукі звалілася. Чаму ж ня радавацца?”

(Спадарыня: ) “Гэта была станоўчая зьява, але быў згублены час і тую незалежнасьць, да якой мы імкнуліся асабліва напачатку, ужо атрымаць ня ўдасца”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што на тым этапе гэта была, безумоўна, станоўчая зьява, але мы павінныя былі скарыстаць гэтую магчымасьць на карысьць сабе. Бо Беларусь на той час была адной з найлепшых тэрыторыяў Савецкага Саюзу. Але мы не скарысталі тую магчымасьць і нам патрэбна было бы пачынаць з пачатку хаця бы зараз”.

Гэта былі выказваньні мінакоў на вуліцах Менску пра гадавіну падпісаньня пагадненьня аб дэнансацыі дамовы пра стварэньне СССР.
XS
SM
MD
LG