Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ НАЗІРАЛЬНІКІ ПРА ВЫБАРЫ Ў РАСЕІ


Валер Каліноўскі, Менск

Расейскі Цэнтарвыбаркам на выбары ў Дзярждуму ў якасьці міжнародных назіральнікаў запрасіў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца і Ўладзімера Парфяновіча. У дзень галасаваньня яны наведалі 6 участкаў у Цьвярской вобласьці. Зафіксаваць нейкія парушэньні не ўдалося. На думку спадара Парфяновіча, Беларусі варта запазычыць некаторыя асаблівасьці расейскай выбарчай сыстэмы:

(Парфяновіч: ) “У іх адмененыя датэрміновыя выбары, у іх назіральнікі маюць права назіраць, запісваць у пратакол свае заўвагі аб выбарах, фармаваньне камісіяў у іх арганізаванае так, што ўдзельнічаюць палітычныя партыі ў гэтых камісіях, таму як такой фальсыфікацыі і ня бачна”.

Уладзімер Парфяновіч сказаў, што ў праект зьменаў Выбарчага кодэксу Беларусі ён разам з калегамі прапануе менавіта гэтыя тры важныя палажэньні аб фармаваньні выбарчых камісіяў, правах назіральнікаў і скасаваньні датэрміновага галасаваньня.

Разам з тым спадар Парфяновіч кажа, што на расейскіх выбарах напоўніцу праявіліся і нэгатыўныя тэндэнцыі – перш за ўсё гэтак званы адміністратыўны рэсурс, уплыў на выбары выканаўчай улады, кантроль над СМІ. Тое, што ў выніку гэтага Ўладзімер Пуцін атрымае ў Думе амаль канстытуцыйную большасьць, спадар Парфяновіч параўноўвае з сытуацыяй у Беларусі.

(Парфяновіч: ) “Я не магу ацаніць Пуціна, як ён будзе далей дзейнічаць, самае галоўнае, каб ён не перайшоў рамкі дэмакратычнага працэсу, які разьвіваецца ў Расеі. Калі ён гэта зробіць, то стане такім жа, як Фідэль Кастра, як Аляксандар Лукашэнка. Гэта той шлях, дзе трэба ўмець знайсьці ў сабе сілы спыніцца”.

Уладзімер Парфяновіч кажа, што істотная перамога нацыяналістычных сілаў (блёк “Родина”, ЛДПР) – не на карысьць дэмакратычным сілам Беларусі. Але разам з тым у новай Думе ня будзе і такой значнай падтрымкі А.Лукашэнку, якою той карыстаўся ў ранейшыя часы.

(Парфяновіч: ) “Гэта насамрэч нацыяналістычная група, зь якой будзе вельмі складана размаўляць”.

Ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі на запрашэньне Саюзу правых сілаў за думскімі выбарамі назіралі больш за дзясятак актывістаў, якія выяжджалі ў Саратаўскую, Цюменскую вобласьці, Ханты–Мансійск ды іншыя рэгіёны. Першым у Менск вярнуўся намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук, які наведваў выбарчыя ўчасткі ў Маскве:

(Раманчук: ) “Калі чалавек вось так прыехаў на адзін дзень, нейкія парушэньні вельмі складана знайсьці, як і ў Беларусі, калі нехта прыяжджае на адзін дзень і ўсё здаецца вельмі паважным і законным. Што кінулася ў вочы: у Маскве, калі ў суботу і нядзелю нельга было агітаваць, то ўсё роўна агітацыя за “Адзіную Расею” і за “Родину” прысутнічала”.

Яраслаў Раманчук зазначыў, што да працэдуры галасаваньня ў Расеі прэтэнзіі прад’явіць складана, але можна казаць пра парушэньні падчас агітацыйнай кампаніі, пра адсутнасьць роўнага доступу выбарчых блёкаў да СМІ, пра выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу, дзякуючы якому выбары кантраляваліся. У ноч пасьля выбараў Раманчук пабыў у штабе СПС:

(Раманчук: ) “Кіраўніцтва партыі было ў дрэнным настроі, яны таксама цяпер будуць думаць ня толькі аб тым, чаму такая параза адбылася. Мяркую, тут самыя розныя могуць быць наступствы, нагадаю вельмі нэгатыўны досьвед польскай Уніі свабоды, якая таксама была партыяй улады, а потым прайграла выбары і ўвогуле амаль зьнікла”.

Яраслаў Раманчук мяркуе, што цяпер расейская Дума будзе больш агрэсіўнай і шавіністычнай, яе стаўленьне да Беларусі не палепшыцца.

(Раманчук: ) “Але, ведаеце, мы ня можам выбіраць свайго суседа, мы не выбіралі яго Думу, таму нам трэба размаўляць і рабіць кантакты з тымі люзьмі, якія на працягу наступных чатырох гадоў будуць прымаць законы ў Расеі, добра, што мы маем кантакты з “Адзінай Расіяй”, добра што ў нас ёсьць кантакты з тымі людзьмі, якія патрапілі ў Думу, і я думаю, што дыялёг будзе працягвацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG