Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

Спачатку – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі.

7 сьнежня ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень юрыста.

Дарэчы, і гістарычныя даты 7 сьнежня так ці інакш зьвязаныя з юрыспрудэнцыяй, у прыватнасьці, са сьмяротнымі пакараньнямі. Гэтак учора споўнілася 65 гадоў з дня, калі органы НКВД расстралялі беларускага мовазнаўцу Пятра Бузука. Прафэсар Бузук быў дырэктарам інстытуту мовазнаўства Акадэміі Навук Беларусі і займаўся дасьледаваньнем дыялектаў. Ён склаў першы атлас беларускіх гаворак, які называўся “Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі“. Таксама ўчора споўнілася 60 гадоў, як у Менску тэрарысты забілі Вацлава Іваноўскага. Доктар Іваноўскі вёў перамовы зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі пра стварэньне беларускага ўраду. І акурат у часе, калі дыскусія хілілася да спрыяльнага вырашэньня, проста пасярод вуліцы Іваноўскага забілі невядомыя. Дасьледнікі дапускаюць, што гэта маглі быць прадстаўнікі як савецкай, так і нямецкай, і польскай ідэалёгіі. Бо нікому, па вялікім рахунку, не было выгоднае ўзмацненьне беларускае цывільнае ўлады ў акупаванай Беларусі.

7 сьнежня адзначаецца Дзень памяці ахвяраў землятрусу ў Арменіі. Трагедыя адбылася ў 1988 годзе.

Учора споўнілася 75 гадоў Радзіму Гарэцкаму. Ён – прадстаўнік славутага роду Гарэцкіх – сын акадэміка Гаўрылы Гарэцкага і пляменьнік літаратара Максіма Гарэцкага. Радзім Гарэцкі, таксама як і бацька, стаў вучоным-геолягам і таксама мае тытул акадэміка. Апроч гэтага, спадар Радзім напісаў кнігу пра свайго дзядзьку, а з 1993 году ён узначальвае згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына“.

Цяпер пра памятныя даты сёньняшняга дня.

8 сьнежня 1937 году Беларусь страціла трох сваіх выдатных дзеячоў. Органамі НКВД былі зьнішчаныя фальклярыст і кампазытар Антон Грыневіч, палітык і літаратуразнаўца Ігнат Дварчанін, а таксама яшчэ адзін дзяяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі Язэп Гаўрылік. Дварчанін і Гаўрылік былі арыштаваныя польскімі ўладамі і прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зьняволеньня, пасьля шляхам абмену палітвязьняў яны трапілі ў Савецкі Саюз, дзе іх і расстралялі.

8 сьнежня 1991 году былі падпісаныя Белавескія пагадненьні. Адбылося гэта ў рэзыдэнцыі Віскулі ў Белавескай пушчы. Тут кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны афіцыйна дэнансавалі дагавор аб утварэньні СССР і ўтварылі Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў.

Зь вядомых людзей сьвету, што нарадзіліся 8 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня рымскага паэта Гарацыя, фінскага кампазытара Яна Сыбэліюса, кінаакторку Кім Бэсынджэр, расейскага прэм’ера Міхаіла Касьянава і былога літоўскага прэм’ера Андруса Кубілюса, пра якога гавораць як пра аднаго з фаварытаў наступных прэзыдэнцкіх выбараў у Літве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG