Радзім Гарэцкі лічыць сябе найперш навукоўцам. Падкрэсьлівае, што прафэсійная палітыка яму нецікавая. Але ў беларускай сытуацыі, калі нішчылася і працягвае нішчыцца культура, ён ня можа заставацца ўбаку ад змаганьня за адраджэньне беларушчыны.
(Гарэцкі: ) “Я лічу, што палітыкай не займаюся. Але я за тое, каб нашая краіна была незалежная, багатая, нацыянальна-сьвядомая, па-сапраўднаму эўрапейская, таму прыходзіцца, як вы кажаце, і палітыкай займацца. Хоць я не палітык. Я навуковец, люблю музыку, літаратуру. Але, на жаль, такая сытуацыя ў Беларусі, што нават мова стала палітыкай. Хто па-беларуску размаўляе — значыць, ці “бээнэфавец”, ці “апазыцыянэр”. Разумееце, якія аналёгіі? Гэта, натуральна, глупства ў нармалёвай дзяржаве. Але ў нас так”.
Акадэмік Гарэцкі не пагаджаецца з пашыранай думкай пра тое, што ў Беларусі, адрозна ад суседніх краінаў, людзі навукі й культуры замкнёныя ў межах сваіх навуковых ці мастацкіх зацікаўленьняў і ня маюць моцнага ўплыву на грамадзкую сьвядомасьць.
(Гарэцкі: ) “Каб ня гэтыя інтэлектуалы, дык мы б наогул няведама дзе былі б. У нас ёсьць вельмі здольныя і навукоўцы, і дзеячы культуры, якія гэтай справай займаюцца. Таму нашая беларушчына і захавалася. Каб не было папярэднікаў нашых, адраджэнцаў на пачатку 1920-ых гадоў, цяпер, мусіць не было б і Беларусі. Толькі дзякуючы вось такім людзям трымаецца да гэтага часу сапраўдная Беларусь. Бо ўціск антыбеларускі ідзе, пачынаючы ад Рэчы Паспалітай, Расейскай імпэрыі, ад БССР, уключна і зь цяперашнім часам. А мы ўсё трымаемся. Дык я думаю, што гэта ў значнай ступені абараняюць інтэлектуалы, пра якіх вы гаворыце. Ну, але, на жаль, іншая маса не такая сьвядомая, як у той жа Чэхіі, Польшчы”.
Я запытаўся ў юбіляра, ці бачыць ён пераймальнікаў у справе адраджэньня і разьвіцьця беларускай культуры, змаганьня за рэальную незалежнасьць Беларусі. І Радзім Гарэцкі зь вялікай павагай загаварыў пра сучасную беларускую моладзь:
(Гарэцкі: ) “Цяпер вельмі добрая моладзь расьце. Мы яе мала ведаем, яна, можа, не зусім раскрылася. Вазьміце той жа беларускі нацыянальны ліцэй, які нядаўна зачынілі. Там да апошняга часу быў велізарны конкурс. Значыць, моладзь хоча вучыцца ў нацыянальным ліцэі! Ці вазьміце вядомага Паўла Севярынца. Ён мой вучань — выдатны малады чалавек. Таксама змагар за беларушчыну. І такіх шмат. На жаль, прыціскаюць, многія баяцца. І вось гэты страх, на жаль, часта перамагае. А калі б троху даць вольніцу, то быў бы велізарны выбух”.
Радзім Гарэцкі з аптымізмам глядзіць на будучыню Беларусі, верыць, што, хай сабе і ня заўтра, але краіна будзе рэальна самастойная і дэмакратычная.
(Гарэцкі: ) “У найбліжэйшай пэрспэктыве, можа, і не, але наогул з пэрспэктывай будзе жыць Беларусь. У мяне цяпер кніжка выходзіць. Яна так і завецца: “Будзе жыць Беларусь!” І я так думаю: будзе. Нягледзячы ні на што”.
(Карэспандэнт: ) “Гэтая кніга — вашыя мэмуары?”
(Гарэцкі: ) “Не, гэта мае выступы. Мае сябры кажуць: давай да юбілею выдадзім, ты шмат дзе выступаў, гаварыў. Вось гэта ўсё сабралі. Некаторыя роздумы ёсьць”.