Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЧЫМ ЛЯТАЮЦЬ БЕЛАРУСКІЯ КІРАЎНІКІ?

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Але дакладна, што ў Пятра Машэрава ў карыстаньні не было асабістага самалёта. Не было яго і ў старшыняў Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча ды зьмяніўшага яго Мечыслава Грыба. Праўда, за іх часам ужо зьявіўся Ту-154, які абслугоўваў выключна кіраўніцкія дэлегацыі, але гэта быў, так бы мовіць, самалёт агульнага карыстаньня. На ім ляталі як кіраўнік парлямэнту, гэтак і прэм’ер-міністар.

Самалётам выключна прэзыдэнцкага карыстаньня гэты Ту-154 стаў на загад Аляксандра Лукашэнкі. А ў чырвона-зялёныя колеры ён быў афарбаваны пасьля рэфэрэндуму 1995 году, які вярнуў савецкую сымболіку. Дарэчы, для дзяржаўнай кампаніі “Белавія” белы і чырвоны і цяпер застаюцца фірмовымі колерамі, таму чырвона-зялёны самалёт беларускага прэзыдэнта такі пазнавальны. Прыкладам, два гады таму беларускія грамадзяне адразу пазналі яго ў аўрапорце Вены і распавялі пра гэта журналістам. Гэтак стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка амаль інкогніта прыляцеў на лячэньне ў Аўстрыю.

Сваім самалётам Лукашэнка не дазваляе карыстацца нікому, нават прэм’еру. Паводле крыніцы ва ўрадзе, для ўрадавых візытаў арандуецца звычайны самалёт зь ліку тых, што лятаюць чартэрамі ў Кітай, Турцыю ці яшчэ куды. Бясьпека гэтых палётаў — на звычайным узроўні, дарэчы, як і камфортнасьць. “Цесна, асобнага адсеку нават для прэм’ера няма”, — падзяліўся ўспамінамі пра візыт у Італію былы ўрадавы чыноўнік. А вось прэзыдэнцкі самалёт, паводле крыніцаў, у насавой частцы мае адсек, дзе можна працаваць за сталом з паперамі й кампутарам.

Яшчэ патрэбы вышэйшай улады Беларусі абслугоўвае асобная верталётная эскадрыльля пад Менскам. Яна мае некалькі верталётаў Мі-8, якія ў сярэдзіне 1990-х гадоў адмыслова рамантаваліся ў Расеі і былі прыстасаваныя для такіх мэтаў. За больш чым сем гадоў эксплюатацыі ніводны зь верталётаў гэтай эскадрыльлі ня меў паветраных інцыдэнтаў, але адмыслоўцы кажуць, што нават добры нагляд і прафэсіяналізм лётчыкаў не гарантуюць бясьпекі ў будучыні, бо маральна гэтая тэхніка ўжо даўно састарэла.
XS
SM
MD
LG