Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЯРОЗКІ” БОЛЬШ НЯ БУДЗЕ?


Ганна Соусь, Менск

Уладзімер Ягоўдзік быў звольнены са сваёй пасады 2 сьнежня. Афіцыйная прычына — заканчэньне кантракту. Але як адзначаюць калегі пісьменьніка, гэта адбылося з прычыны магчымага далучэньня “Бярозкі” да часопісу “Маладосць”, які, нагадаю, знаходзіцца ў складзе гэтак званага літаратурнага голдынгу. Пра такую пэрспэктыву паведаміла ў лістападзе на калегіі Міністэрства інфармацыі намесьніца міністра Лілія Ананіч. Галоўная рэдактарка “Маладосці” Раіса Баравікова лічыць аб’яднаньне “Бярозкі” з “Маладосцю” выключна нерэальным.

(Баравікова: ) “Бярозка” — гэта каляровы часопіс для падлеткаў сярэдняга ўзросту. “Маладосць” — не каляровае, а чорна-белае выданьне. Я не ўяўляю, і нават не спрабавала ўяўляць, як бы гэта магло быць”, — мяркуе галоўная рэдактарка часопісу “Маладосць” Раіса Баравікова.

Сёньня ж я зьвязалася з самім Уладзімерам Ягоўдзікам. Спаслаўшыся на хваробу, ён адмовіўся камэнтаваць сытуацыю зь ягоным звальненьнем з часопісу. Зазначыў толькі, што ўсе свае меркаваньні выклаў у заяве на імя міністра інфармацыі.

У Міністэрстве інфармацыі камэнтаваць сытуацыю адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што амаль ўсе супрацоўнікі сёньня на калегіі ў Магілёве. Уладзімер Ягоўдзік кіраваў часопісам сем гадоў. Ягоны намесьнік Аляксандар Мароз вельмі высокі ацэньвае ягоную працу на пасадзе галоўнага рэдактара.

(Мароз: ) “Самы, можа, лепшы варыянт, што часопіс узначальваў такі вядомы пісьменьнік як Уладзімер Ягоўдзік, вядомы перадусім як дзіцячы пісьменьнік, у якога каля 20 кніг. Што зрабіў Уладзімер Ягодзік як рэдактар? Тут стварыўся цудоўны калектыў — і пісьменьнікі, і мастакі з сусьветнымі імёнамі. У нас мастацкія рэдактары — гэта Павал Татарынкаў і Ігар Гардзіёнак. Часопіс быў незаангажаваны. І яшчэ галоўнае — гэта творчасьць саміх дзяцей, вершы, апавяданьні, таксама малюнкі дзіцячыя. Няма ж у нас дзіцячага мастацкага часопісу, мы ж і гэтую функцыю выконвалі. Сапраўды, гэта літаратурна-мастацкі часопіс, і ён адзіны. Уладзімер Іванавіч шмат як аўтар і як рэдактар уклаў у яго. Апошнія два гады зь фінансамі стала значна цяжэй, і мы па тры нумары здвойвалі”.

У наступным годзе “Бярозка” будзе адзначаць 80-я ўгодкі ад выхаду першага нумару. Але цяперашнія супрацоўнікі часопісу непакояцца, што ім ня будзе чаго сьвяткаваць, бо калі “Бярозку” зробяць укладкай у часопіс “Маладосць” у складзе літаратурнага голдынгу, то адзіны беларускамоўны часопіс для падлеткаў проста зьнікне.

Спробы атрымаць камэнтар з гэтай нагоды ад кіраўнічкі літаратурна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва” Таісы Бондар чарговы раз аказаліся беспасьпяховымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG