Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ ПРАЦАВАЛІ НА ВЫБАРАХ У РАСЕІ


Валер Каліноўскі, Менск

У Беларусі стала жыве каля 60 тысяч грамадзянаў Расеі, якія маюць выбарчае права, аднак звычайна пад час расейскіх выбараў галасуюць толькі каля 10% зь іх — 6–7 тысяч. Падчас думскіх выбараў 7 сьнежня ў Беларусі для іх будзе адчынена сем выбарчых участкаў — у сталіцы і ў кожным абласным цэнтры, а таксама ў расейскай вайсковай частцы ля Баранавічаў, якая абслугоўвае станцыю папярэджаньня аб ракетным нападзе.

Расейскія выбарцы ў Беларусі аднесеныя да аднамандатнай акругі гораду Арэхава-Зуева, што ў Падмаскоўі. Адзін з кандыдатаў па гэтай акрузе, вядомы бізнэсовец Уладзімер Брынцалаў нядаўна наведваў Менск, каб правесьці агітацыю за сябе і разьмесьціць рэклямныя ролікі на беларускіх тэлеканалах. Аднак дзяржаўнае тэлебачаньне, у прыватнасьці АНТ, не захацела зарабіць на расейскай выбарчай кампаніі, адмовіўшы Брынцалаву на падставе таго, што ў Беларусі нібыта “палітычная рэкляма забароненая”.

У якасьці назіральнікаў на думскія выбары запрошаныя старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, некалькіх дэпутатаў і апазыцыйных палітыкаў. З Палаты прадстаўнікоў былі запрошаныя Ўладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец, Барыс Бікінін і Мікалай Дубовік. Але апошнім двум камандзіроўку ў Расею забараніў А.Лукашэнка, на заяве напісаўшы адно слова: “нямэтазгодна”. А Ўладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец па дазвол не зьвярталіся, таму паедуць, хоць і не за кошт Палаты прадстаўнікоў. Наконт матываў забароны Лукашэнкі можна толькі здагадвацца, кажа спадар Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “А то паедуць, дэмакратыі навучацца і будуць тут тварыць, што захочуць… Магчымы варыянт такі, што і яны да нас на выбары могуць не прыехаць, як непатрэбныя госьці”.

Назіральнікамі ў Расею таксама паедзе шэраг лідэраў АГП, іх запрасіў асабіста лідэр Саюзу правых сілаў Барыс Нямцоў, які нядаўна пабываў зь візытам у Беларусі, нягледзячы на мінулагодняе выдварэньне і забарону беларускага КГБ. Акрамя таго, назіральнікі ад АГП ужо працуюць у 19 рэгіёнах Расеі, — паведаміў лідэр партыі Анатоль Лябедзька. Сярод іх Аляксандар Дабравольскі, Сяргей Альфер, Яўген Лабановіч і іншыя.

Больш за тое, нямала беларусаў былі нанятыя расейскімі піар-кампаніямі для агітацыйнай працы ў рэгіёнах Расеі. Яны агітуюць за розныя палітычныя сілы Расеі, хаця расейскі закон і забараняе замежным грамадзянам удзельнічаць у выбарчай агітацыі. Пераважна гэта дасьведчаныя ў падобных кампаніях асобы, якія хочуць зарабіць на расейскіх выбарах. Кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата, напрыклад, атрымлівае каля 15 тысяч даляраў. Адзін з гэтых актывістаў, які толькі што вярнуўся з Расеі, дзе працаваў на карысьць кандыдата ад Саюзу правых сілаў, распавядае пра сваю групу беларускіх агітатараў:

(Агітатар: ) “Удзельнічала каля 20 чалавек, яны працавалі як прадстаўнікі Саюзу правых сілаў, у асноўным у выбарчых штабах або кшталту камісараў СПС ці, як гэта афіцыйна называлася тэхнолягаў, якія прыяжджалі на акругу яшчэ зь вясны і рыхтавалі выбары па фэдэральным сьпісе СПС. Заробкі ў гэтай сфэры вельмі вялікія. СПС — партыя з аднаго боку багатая, з другога — ня вельмі шматлюдная”.

Гэты беларускі ўдзельнік расейскай перадвыбарчай кампаніі паведаміў, што беларусы працавалі й на карысьць іншых палітычных блёкаў, асабліва наваствораных. СПС свае фінансавыя абавязкі перад беларусамі выканаў, пра іншыя партыі й блёкі пакуль невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG