Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУГI ТУР ГАЛАСАВАНЬНЯ НА ПАЎТОРНЫХ ВЫБАРАХ У БЕЛААЗЁРСКI ГАРСАВЕТ ЗАКОНЧЫЎСЯ СКАНДАЛАМ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Позна ўвечары 4 сьнежня Белаазёрская гарадзкая выбарчая камiсiя паведамiла пра вынiкi другога туру галасаваньня. Не зважаючы на звароты дэпутатаў ад апазыцыi й назiральнiкаў, у якiх выклiкала сумнеў працэдура падлiку галасоў, камiсiя абвесьцiла пра абраньне дэпутатам Алы Сьлесарчук. Паводле афiцыйных зьвестак, прадстаўнiца мясцовай вэртыкалi ўпэўнена перамагла Iрыну Драчэнку з “Народнай грамады”, якой шмат прайгравала ў першым туры. Абвешчаны вынiк зьдзiвiў нават некаторых чыноўнiкаў гарвыканкаму.

У iншай выбарчай акрузе, дзе балятаваўся сябра “Народнай грамады” Зьмiцер Трацьцяк, здарыўся яшчэ больш гучны скандал. Назiральнiкi заўважылi, што ўсe бюлетэнi былi пазначаныя нумарамi, што забаронена заканадаўствам. Таму выбары ў гэтай акрузе прызнаныя несапраўднымi. Аднак назiральнiкi зьвярнулi ўвагу на яшчэ адну акалiчнасьць: падчас падлiку галасоў высьветлiлася, што ў скрынях для галасаваньня колькасьць бюлетэняў было значна большай, чым колькасьць людзей, якiя прыходзiлi на выбары.

Старшыня Белаазёрскай гарадзкой выбарчай камiсii Мiкалай Канецкi цьвердзiць, што здарэньнi ў гэтай акрузе будуць мець наступствы для тых, хто ладзiў выбары.

(Канецкi: ) “Прыедзе раённая камiсiя, складзе пратакол аб адмiнiстратыўным правапарушэньнi, і старшыня камiсii будзе пакараны за такiя дзеяньнi”.

Увогуле ж спадар Канецкi лiчыць. што выбары ў Белаазёрску цалкам адпавядалi Выбарчаму кодэксу.

Аднак у намесьнiка старшынi Белаазёрскага гарсавету, кiраўнiка дэпутацкай групы “Iнiцыятыва” Юрася Губарэвiча ад выбараў засталiся iншыя ўражаньнi:

(Губарэвiч: ) “Калi ў першым туры фальсыфiкацыi былi прыхаваныя, дык цяпер яны былi проста яўныя, адкрытыя. I такое ўражаньне, што нi камiсii, нi мясцовая вэртыкаль нiчога не баяцца. Дадзены загад зьверху, i трэба гэты загад выканаць любым коштам”.

Пасьля ўчорашняга галасаваньня дэпутатамi Белаазёрскага гарсавету ёсьць 23 дэпутаты. Восем з iх, абраных яшчэ увесну, складаюць дэмакратычную групу “Iнiцыятыва”, астатнiя падтрымлiваюць мясцовую вэртыкаль. Такiм чынам апазыцыя ў Белаазёрску страцiла большасьць у гарсавеце. Менавiта гэтага дамагалiся бярозаўскiя i берасьцейскiя ўлады, калi прымалi рашэньне правесьцi ў горадзе паўторныя выбары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG