Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАЎПЛЫВАЮЦЬ РАСЕЙСКІЯ ВЫБАРЫ НА СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ?


Галіна Абакунчык, Менск

Пра значнасьць уплыву расейскай палітыкі на Беларусь мае суразмоўцы выказвалі розныя меркаваньні. Адказы на пытаньне найчасьцей былі такія:

(Карэспандэнтка: ) “Ці паўплываюць выбары ў Расеі на становішча ў Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што абавязкова. Па-першае, у нас шмат эканамічных зьвязкаў, палітычных. Таму, у залежнасьці ад таго, каго выберуць, будзе ўплыў і на нашую палітыку, і эканамічнае становішча”.

(Спадар: ) “Які будзе парлямэнт у Расеі такія, на маю думку, будуць і адносіны”.

(Спадар: ) “Калі там сапраўды нейкая партыя пачне ўплываць на тое становішча, у якім мы жывем, праз Эўразьвяз і іншым чынам, дык гэта будзе добра”.

(Спадар: ) “Канечне, паўплываюць, бо прэзыдэнт Лукашэнка й Пуцін, яны разам працуюць. Я думаю, што будзе толк з гэтых выбараў”.

(Юначка: ) “Я думаю, што выбары тут ні пры чым: што вырашыць Уладзімер Уладзімеравіч, тое й будзе. Бо свабоды ў Расеі становіцца ўсё менш, а прэзыдэнт уплывае ня толькі на палітыку, але й эканоміку і ўсе астатнія адносіны. Шмат што залежыць і ад Лукашэнкі, бо ягоныя паводзіны непрадказальныя”.

(Юнак: ) “Цяжка сказаць, але пэўна так. Пэўна, ёсьць нейкія зьвязкі паміж нашым кіраўніцтвам і расейскім. Хацелася бы, каб міліцыянтаў на вуліцы менш было вечарамі”.

(Спадарыня: ) “Паглядзім, што будзе ў Расеі. У нас будзе тое ж самае, а раней ці пазьней — гэта справа часу”.

Сярод мінакоў гэтаксама былі людзі, якія ня ведалі, што адказаць на пытаньне, альбо не жадалі згадваць Расеі ў якасьці краіны, здольнай паўплываць на становішча ў Беларусі.

(Карэспандэнтка: ) “Ці паўплываюць выбары ў Расеі на становішча ў Беларусі?”

(Юнак: ) “У Беларусі? Цяжка сказаць. Магчыма паўплываюць, але я ня ведаю, гэта будзе лепш ці горш для нас. Нават не магу дакладна сказаць. Прабачце”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што не паўплываюць. Гэта іхныя ўнутраныя справы. А Беларусь — яна ўсё аддаляецца, аддаляецца і аддаляецца ад Расеі”.

(Спадар: ) “Кіраваць нашай краінай з боку Расеі, фактычна, немагчыма. Я думаю, што толькі выбары прэзыдэнта могуць паўплываць на становішча паміж краінамі”.

(Спадарыня: ) “Залежыць гэта ўсё ад таго, хто патрапіць у іхны парлямэнт. Цяпер там вялікая барацьба ідзе за гэтыя дэпутацкія мандаты. Але ж я думаю, што пераменаў будзе ня шмат, мала. Думаю, што пакуль той “саюз” здарыцца — шмат вады сплыве”.

(Юнак: ) “Я лічу, што не паўплываюць. Я лічу, што мы незалежныя ад Расеі”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што выбары ў Расеі не паўплываюць на становішча ў Беларусі. Расея ёсьць Расея, а Беларусь ёсьць Беларусь. І ўвогуле я не хачу, каб Расея і Беларусь аб’ядналіся”.

Гэта былі адказы мінакоў на вуліцах Менску на пытаньне, ці паўплываюць вынікі расейскіх выбараў на Беларусь?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG