Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОЎТАЯ ПРЭСА Ў БЕЛАРУСІ

Сьвятлана Курс, Менск

Найбольш ахвотна на расейскім рынку бяруць газэты пра каханьне і сям’ю. Гэтак, тры чвэрці накладу газэты “Любімая”, што выдаецца ў Менску, ідзе ў расейскія рэгіёны. Галоўная рэдактарка “Любімай” Ганна Далідовіч не хавае аптымізму: газэта выдаецца чацьверты год, наклад павялічваецца жвавымі тэмпамі й сёлета склаў больш за 20 тысяч асобнікаў.

(Далідовіч: ) “Я лічу, што немагчымых для вырашэньня задач проста не існуе. Чалавек можа дабіцца ўсяго. У Расеі шалёная канкурэнцыя, але большая частка накладу ідзе на Расею. Газэта мае ўжо пашыраную геаграфію: Расея, Украіна, Сібір, Мурманск, Літва, Польшча”.

Ганна Далідовіч лічыць, што прычына посьпеху ейнага выданьня — найперш кошты, у 1,5–3 разы меншыя за аналягічныя расейскія выданьні. На парадку дня — павелічэньне накладу і пашырэньне геаграфіі. “Мы зьбіраемся працаваць паўсюль, дзе размаўляюць па-расейску”, — гаворыць спадарыня Далідовіч.

Аналягічную пазыцыю займае іншая газэта такога пляну — “Афрадыта”. Днямі стала вядома, што магчымасьць “раскруціцца” на расейскім рынку атрымаў выдавецкі праект, які спансуе дзьве газэты: “Я — мама” і “Дзіцячы доктар”.

Адзін з найбольш масавых “пабытовых” часопісаў Беларусі “Хозяин” на пару са сваёй каляжанкай “Гаспадыняй” толькі рыхтуюцца “выйсьці на Расею”. Сумарны наклад гэтых часопісаў сягае 178 тысяч асобнікаў. Наўрад ці ў Беларусі ўдасца знайсьці новых чытачоў. Выйсьце — у расейскіх ды ўкраінскіх рэгіёнах. Намесьніца галоўнага рэдактара па маркетынгу часопісу “Хозяин” абвесьціла пра намер увайсьці ў расейскія каталёгі.

(Ірына: ) “Мы патрэбныя людзям. Нашыя падпісчыкі — людзі сярэдняга і сталага веку. Гэта дачная й прысядзібная гаспадарка, іншай такой літаратуры няма. Мы некалі распаўсюджваліся ў Расеі, але потым была гэтая перабудова, і мы сышлі зь іхнага рынку. Але нас там чакаюць і ведаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ёсьць пляны вярнуцца на былы ўсесаюзны рынак?”

(Ірына: ) “Хочам і вернемся”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму такая розьніца ў коштах паміж нашымі часопісамі й расейскімі?”

(Ірына: ) “Ім задорага каштуе перавозка, у іх лепшы друк і папера, некаторыя друкуюцца ў Фінляндыі. І пасярэднікі накручваюць кошты”.

(Карэспандэнтка: ) “І журналісцкая праца ў нас таньнейшая?”

(Ірына: ) “У нас любая праца не ацэньваецца так, як належыць”.

Беларускія гаспадарчыя й любоўныя выданьні некалі выдатна пачувалі сябе на ўсесаюзным рынку. Часопіс “Работніца й сялянка” — правобраз цяперашняй “Гаспадыні” — з накладам у некалькі соцень тысяч няблага прадаваўся ў Казахстане, Расеі, Украіне. Пасьля распаду СССР гэтая практыка спынілася. І вось усё пачынаецца зноўку. Сярод прычынаў удалай канкурэнцыі найперш называюць кошты беларускіх выданьняў, значна меншыя за кошты аналягічных расейскіх часопісаў.

Бальшыня беларускіх часопісаў прадаюцца па 1 тысячы рублёў, газэты — 250–600 рублёў. Расейскія выданьні каштуюць 1,5–8 даляраў. Але ня толькі кошт, але і стылістыка грае сваю ролю. Калі расейскія часопісы апэлююць да нестарых сучасных людзей, якія маюць сякі-такі дабрабыт і імкнуцца ўладкаваць свой побыт на заходні капыл, то, “Хозяин” і “Гаспадыня” апэлююць да патрэбаў і сьвядомасьці савецкіх людзей. Яны прапануюць варыянты ўладкаваньня таннай утульнасьці ў стылістыцы славутага фільму “Белыя росы”. І гэта знаходзіць водгук у сэрцах тысячаў людзей.

Нізкія кошты на беларускую “пабытовую” прэсу тлумачацца й таннай наёмнай працай мясцовых журналістаў. Яны бяруць з сайтаў неабходную інфармацыю, друкуюць інтэрвію зь лекарамі, касмэтолягамі й псыхолягамі. Адказваюць на чытацкія лісты й самі выдумляюць іх.

Выпускніца пэдунівэрсытэту БДУ Дыяна пад размаітымі псэўданімамі працуе ў паўтузіне беларускіх газэтаў і часопісаў, што маюць выхад на расейскі рынак. Яе месячны прыбытак — 150–300 даляраў. Дыяна піша ‘love story’ для расейскіх глянцавых часопісаў і дамскія раманы, што спрадаюцца ад Масквы да самых да ўскраінаў. Шалёны тэмп працы яна вытрымоўвае, выпіваючы галёны кавы. Калі зусім “зашываецца”, паліць “траўку” проста над клявіятурай. Ударнай працай Дыяна зарабляе на кватэру.

(Дыяна: ) “Паўночы пісала, другія паўночы ня спала з трывогі: тэрміны здачы падціскаюць. У газэце 16 палосаў, а ў мяне гатовыя толькі 2 паласы. Я толькі што плюнула, купіла траву — пішу сабе!”

(Карэспандэнтка: ) “Колькі вы атрымоўваеце за працу?”

(Дыяна: ) “ За адную газэту ў 16 палосаў атрымоўваю 100 даляраў”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі вы атрымоўваеце за мастацкія аповеды для жаночай аўдыторыі?”

(Дыяна: ) “Самыя яркія аповеды павінны каштаваць даражэй. Але ў нас плацяць за ўсе аповеды па 10 даляраў. Але калі выйсьці на расейскі рынак, то там іншыя расцэнкі: ад 100 даляраў”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы паспрабавалі выйсьці на расейскі рынак глянцавых часопісаў. Якія высновы зрабілі?”

(Дыяна: ) “Пачатак быў удалы: аплата мінімум у 10 разоў большая”.

Многія “пісакі”-парабкі напачатку кар’еры зь цяжкасьцю ўваходзяць у рытм: правальваюць тэрміны, жывуць у пастаянным стрэсе. Потым частка парабкаў адсейваецца, астатнія звыкаюцца з сыстэматычнай працай — па 30–60 старонак на дзень за бесцань. Папулярная кніга кшталту “600 пабытовых парадаў” каштуе толькі 50 цэнтаў за старонку. Але многія не цураюцца такой працы. Застой на ўнутрыбеларускім рынку чытва вымушае інтэлектуалаў пісаць “на Расею”, а рэдактараў і ўладальнікаў СМІ прадаваць свае выданьні ў расейскіх рэгіёнах, дзе саветызаванае й беднае насельніцтва ня можа набыць каляровых і глянцавых выданьняў.

Выяўляецца, што гэта нармалёвыя адносіны калёніі й мэтраполіі. Гэтак, Уільям Мэйкпіс Тэкэрэй у XVIII стагодзьдзі пісаў, што ў лёнданскіх рэдакцыях не было ніводнага ангельца, апроч хлапчукоў-разносчыкаў: усё занялі ірляндцы, згодныя працаваць 12 гадзінаў на дзень, харчавацца на Чорнай Кухні й атрымліваць у 10 разоў меней, чым ангельскія журналісты.

Вялікая частка расейскіх камэрцыйных кішэнных кніжак — дэтэктываў, дамскіх раманаў, фэнтэзы — пішацца беларускімі рукамі.

Пісьменьнік Максім Клімковіч, які ўдзельнічаў у стварэньні папулярных сэрыяў і сагаў, разважае пра літаратурнае рамесьніцкае мастацтва беларусаў:

(Клімковіч: ) “Як для ірляндцаў ангельская, для беларусаў расейская мова — ня родная. Яны вывучылі яе дасканала з кніг, газэтаў, радыё, тэлевізіі. Яна ня частка душы, а рыштунак, які выкарыстоўваюць па прызначэньні. Беларусы малююць пэндзлем, а не калупаюцца ім у носе. Расеец жа ўспрымае расейскую мову як частку свае душы. Ён знаходзіцца пад ціскам дыялекту ці слэнгу тусоўкі, дзе гадаваўся. Яму карціць уставіць слоўка, ад чаго твор адштурхоўвае чытача — ён бачыць: гэта не маё. Літаратурная мовы дазваляе пісаць на ёй празрыстыя творы, зразумелыя кожнаму. Беларуская літаратура — гэта літаратура болю. Літаратар піша пра тое, што яму баліць. А расейскія праблемы яму зразумелыя, але не балючыя, ён спакойна іх прэпаруе і апісвае”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі ўсе кінуцца зарабляць грошы, пішучы па-расейску, ці не застанецца тут журналісцкае й пісьменьніцкае поле голае, як бубен?”

(Клімковіч: ) “Натуральна, гэта дваісты працэс. “Пайшоў і не вярнуўся” — беларус можа лёгка ператварыцца ў рускага”.

Пакуль беларуская дзяржава не клапоціцца пра разьвіцьцё кніжнага, газэтнага і выдавецкага бізнэсу, тутэйшы рынак чытва ў зародку. Усе сілы кінутыя на Расею. Беларусь фармуе расейскі маскульт, але застаецца для Расеі нябачная.
XS
SM
MD
LG