Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЗЬМЯНІЛАСЯ ЖЫЦЬЦЁ БЕЛАРУСАЎ ЗА АПОШНІ ГОД?

Галіна Абакунчык, Менск

Сярод апытаных мінакоў былі людзі рознага веку і сацыяльнага становішча, але адказы на пытаньне былі вельмі падобныя.

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьмянілася вашае жыцьцё за апошні год да лепшага й чаму?”

(Спадарыня: ) “Зьмянілася, але ў горшы бок. Мяне скарацілі, я цяпер на пэнсіі. А як на пэнсію пражыць — самі ведаеце?”

(Спадар: ) “Горш стала — грошай мала”.

(Спадарыня: ) “Калі параўнаць зь мінулым годам, то палепшала, на трох працах працую”.

(Спадарыня: ) “Якое ў пэнсіянэраў жыцьцё? Канечне, нам пэнсію падвысілі, дык лепш. А як маладым — самі ведаеце, бяз працы”.

(Юнак: ) “Жыць стала весялей”.

(Юначка: ) “Зьмянілася да лепшага — я паступіла ў інстытут”.

(Юнак: ) “Зьмяніў жыцьцё да лепшага, кінуў вайсковую акадэмію й задаволены гэтым”.

(Юначка: ) “Магу сабе больш дазволіць рознага, чым гэта было ў мінулым годзе”.

(Юнак: ) “Стала горш у матэрыяльным пляне”.

(Спадарыня: ) “Сказаць, што ў нас нешта зьмянілася ў лепшы бок, дык не — паглядзіце колькі беспрацоўных, бамжоў”.

(Спадарыня: ) “Памянялася, але ў горшы бок — грошай не хапае”.

(Юнак: ) “Памянялася, але ў горшы бок. Бо мяне не задавальняе палітычнае становішча. Гэта прыпыняе разьвіцьцё ўсяго тут і маю радасьць ад жыцьця. І многа каго гэта не задавальняе”.

Адметна, што значная частка маіх выпадковых суразмоўцаў ня ведалі, што адказаць па пастаўленае пытаньне, альбо казалі, што ў іхным жыцьці не зьмянілася нічога.

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьмянілася вашае жыцьцё за апошні год да лепшага й чаму?”

(Спадар: ) “Яно мяняецца то ў лепшы, то ў горшы бок. Сказаць агулам, што ў лепшы, дык не”.

(Юначка: ) “Ніякіх зьменаў няма”.

(Спадар: ) “Толькі з гледзішча прафэсійнай дзейнасьці памянялася ў лепшы бок: прыйшлі маладыя спэцыялісты, працаваць стала лягчэй”.

(Спадарыня: ) “Для мяне нічога не зьмянілася. У мяне двое дзяцей, хварэюць. Вельмі шмат грошай выдаткоўваю на вітаміны, грошай не хапае, даводзіцца адмаўляць сабе ў ежы”.

(Спадар: ) “Як было так, і засталося — ніякіх зрухаў”.

(Спадар: ) “Па-мойму, яно не мяняецца ўжо гадоў пяць. А калі мяняецца, дык у горшы бок”.

(Спадарыня: ) “Няма чаго вам адказаць на гэтае пытаньне. Бо такія ў краіне цяпер абставіны”.

Гэта былі адказы мінакоў на вуліцах Менску на пытаньне, ці зьмянілася вашае жыцьцё за апошні год і чаму?
XS
SM
MD
LG