У гэтай клясе ўсяго два вучні. Адзін зь іх Янка Лапіцкі. Ці падабаецца яму вучыцца на беларускай мове?
(Янка: ) “Падабаецца”.
(Карэспандэнт: ) “Як ты вучысься?”
(Янка: ) “Добра”.
(Карэспандэнт: ) “Чаму ты навучыўся сёлета ў школе?”
(Янка: ) “Матэматыцы, беларускай мове, расейскай мове, ангельскай яшчэ. Там ёсьць вершы, апавяданьні”.
(Карэспандэнт: ) “А ты вывучыў сёлета нейкі верш?”
(Янка: ) “Спадчына” ёсьць. Янка Купала:
Ад прадзедаў спакон вякоў
мне засталася спадчына.
Паміж сваіх і чужакоў
яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баяць казкі, сны,
вясновыя праталіны,
і лесу шэлест верасны,
і ў полі дуб абпалены”.
(Карэспандэнт: ) “Як завуць твайго сябрука?”
(Янка: ) “Ярашэвіч Ягор”.
Так сталася, што ў 60-тысячным Жодзіне сёлета толькі адна беларускамоўная кляса. Чаму? Як паведамілі нашаму радыё ў гарвыканкаме, усяго дзьве сям’і, Лапіцкіх і Ярашэвічаў, настаялі, каб навучанне іхных дзяцей-першаклясьнікаў праводзілася па-беларуску. Вось што патлумачыў на гэты конт намесьнік кіраўніка гарадзкога аддзелу адукацыі Ўладзімер Зыль:
(Зыль: ) “Ніхто больш ня меў жаданьня. Я, напрыклад, сваіх дзяцей накіраваў на расейскамоўнае навучаньне. Другі, трэці напісаў. Усё залежыць ад бацькоў. Нікому не было адмоўлена. Мы дома размаўляем на расейска-беларускай мове. Але ж далей трэба атрымліваць адукацыю, а ўся літаратура — расейскамоўная. Хто далей плянуе вучыцца ў інстытуце, той сутыкнецца з расейскай мовай. Усё ж навучаньне ў нас расейскамоўнае”.
Ці не шкадуюць бацькі гэтых двух жодзінскіх хлопчыкаў, што аддалі дзяцей у беларускамоўную клясу? Гаворыць маці Янкі Сьвятлана Лапіцкая:
(Лапіцкая: ) “Не, не шкадую. Ні кропелькі. Вельмі задаволеныя. Я лічу, што ўжо нармалёвыя стасункі сталі. Там у іх шмат сябровак — дарослых дзяўчат з 10–11 клясаў, якія да іх прыходзяць. Ім падабаюцца нашыя хлопцы”.
(Карэспандэнт: ) “Як Янка авалодвае ведамі ў параўнаньні з вучнямі астатніх першых клясаў?”
(Лапіцкая: ) “Яны, здаецца, нават больш ведаюць, чым тыя дзеці, якія сядзяць у клясе па дваццаць чалавек. Яны прывыклі да гэтага рытму, нібыта так і патрэбна. Я лічу, што гэта вельмі добра, бо сам дзіцёнак там удзельнічае ў працэсе навучаньня. Я вельмі задаволеная”.
(Карэспандэнт: ) “А бацькі другога вучня?”
(Лапіцкая: ) “Таксама. Ягорка быў больш расейскамоўны. Але ён малайчынка. Ён вельмі старанны хлапец. Ён будзе “пыхцець”, але будзе рабіць”.