Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАЛІЦЫЯ, КАНТРОЛЬ ЛЕГАЛЬНАСЬЦІ ПРАГРАМАЎ”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Паліцыя, кантроль легальнасьці праграмаў. Калі ласка, падрыхтуйце дакумэнты і ліцэнзіі”, – гэта кавалак роліка, які рэклямуе захады польскай паліцыі ў барацьбе з кампутарным пірацтвам. Калі раней гэтыя захады тычыліся выключна фірмаў, дык цяпер кожны паляк, які мае ў прыватным кампутары пірацкую праграму, наўрад ці можа адчуваць сябе бясьпечна. “Мы можам пастукаць у кожныя дзьверы”, – кажа камісар паліцыі Пётар Беняк.

(Беняк: ) “Мы маем права зрабіць ператрус у кватэры ўладальніка прыватнага кампутара з дазволу пракуратуры, але ў часе апэратўных дзеяньняў таксама і са звычайным паліцэйскім пасьведчаньнем”.

Першымі гэта адчулі жыхары калісьці вядомага сваім музычыным фэстывалем польскага гораду Зелёна Гура. Апошнімі днямі паліцыя зрабіла ператрус больш чым у сарака кватэрах, у якіх жывуць кліенты мясцовай інтэрнэт-кавярні, дзе былі выкрытыя выпадкі гандлю пірацкімі праграмамі. Паліцыянты спраўджвалі, якія праграмы знаходзяцца ў кампутарах, а таксама канфіскоўвалі кампакт-дыскі з нелегальнымі праграмамі і музыкай. 22-м асобам прад’яўленыя абвінавачаньні ў крадзяжы інэлектуальнай уласнасьці.

Захады паліцыі выклікалі паніку ў асяродку польскіх кампутаршчыкаў – яны пачалі масава выдаляць са сваіх кампутараў пірацкія праграмы. Цягам некалькіх дзён значна падвысіўся ўзровень продажу легальных праграмаў.

Пірацтва, аднак, і надалей квітнее. Паводле некаторых палікаў, у Польшчы на адну легальную праграму прыпадае адна пірацкая. На найвялікшым кірмашы Эўропы – варшаўскім “Стадыёне дзесяцігодзьдзя” можна амаль свабодна купіць найноўшыя праграмы і гульні. І гандляры, і пакупнікі згодныя – пірацтва наўрад ці атрымаецца перамагчы, пакуль легальныя прадукты не патаньнеюць.

(Пакупнік: ) “Нават калі паліцыя ходзіць па хатах, дык усё адно цяжка адмовіцца ад спакусы набыць нелегальную праграму ў 10 разоў таньней”, – сказаў адзін з наведвальнікаў стадыёну.

У краме стандартная апэрацыйная сыстэма Microsoft Windows 2000 каштуе сама мала 200 даляраў, у той час як пірацкі адпаведнік – 5 даляраў – у 40 разоў таньней.

Дзіцячыя кампутарныя гульні, прыкладам адная з найноўшых – “Дзе ёсьць Нэма” – на кірмашы таньней ў 4-5 разоў.

Між тым, паводле польскіх законаў, толькі за наяўнасьць у кватэры дыскаў зь нелегальнымі праграмамі ці музыкай у фармаце МР3, сьцягнутай з інтэрнэту, пагражае нават турэмнае зьняволеньне.

Сёлета ў кастрычніку трое уладальнікаў адной з кампутарных фірмаў у заходняй Польшчы ўпершыню былі асуджаныя да 2 гадоў зьняволеньня ўмоўна і шматтысячных штрафаў за распаўсюд пірацкіх праграмаў.
XS
SM
MD
LG