Дэпутат парлямэнту Кіпру й сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы АБСЭ Хрыстас Пургурыдэс зьехаў зь Менску, так і ня выканаўшы цалкам усяе заплянаванае праграмы. Адказваючы па тэлефоне з Франкфурту на мае пытаньні, спадар Пургурыдэс падсумаваў вынікі двух сваіх прыездаў у Беларусь гэтак:
(Пургурыдэс: ) “Я сустрэўся з усімі тымі, з кім хацеў, адносна тэмы перасьледу прэсы ў Беларусі. Што датычыць зьніклых асобаў, я ня здолеў пабачыць тых, каго хацеў, таму што ўлады скасавалі гэтыя сустрэчы”.
Нагадаю, што Хрыстас Пургурыдэс жадаў паразмаўляць з камандзірам спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня Дзьмітрыем Паўлічэнкам, якога абвінавачваюць у датычнасьці да зьнікненьняў вядомых палітыкаў, і з асуджанамі сябрамі групоўкі Валера Ігнатовіча, якіх пакаралі турмой за выкраданьне Зьмітра Завадзкага. Прадстаўнік ПАРЭ спадзяваўся сустрэцца з гэтымі людзьмі ў сераду, але ягоныя чаканьні ня спраўдзіліся, і ён вельмі расчараваны. Аднак на пытаньне пра ягоныя высновы пасьля двух візытаў у Менск спадар Пургурыдэс адказаў:
(Пургурыдэс: ) “Я маю высновы наконт абодвух тэмаў, але ня думаю, што было б слушна для мяне раскрываць мае высновы да таго, як я раскрыю іх перад сябрамі камітэтаў ПАРЭ”.
Ці зьбіраецеся вы яшчэ раз наведаць Беларусь? — спытаўся я ў спадара Пургурыдэса.
(Пургурыдэс: ) “Я так ня думаю. Ня маю такога пляну. Акрамя таго выпадку, калі ўлады запросяць мяне, каб перадаць нейкія новыя матэрыялы, якія яны захочуць перадаць”.
Аднак спадар Пургурыдэс кажа, што гэта малаверагодна. Ці будзе ягоная далейшая дзейнасьць у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы зьвязаная зь беларускімі пытаньямі?
(Пургурыдэс: ) “Я ўсталяваў выдатныя кантакты, знайшоў сяброў у Беларусі. Відавочна, што я буду па-ранейшаму вельмі зацікаўлены ўсім, што адбываецца ў Беларусі”.
Хрыстас Пургурыдэс пацьвердзіў, што плянуе абнародаваць абедзьве свае справаздачы ў Страсбуры не пазьней за першы тыдзень студзеня.