Апошні нумар “Новой газеты Сморгони” выйшаў 2 кастрычніка. Пасьля гэтага Міністэрства інфармацыі прыпыніла яе выхад на тры месяцы. Заснавальнік газэты Рамуальд Улан цяпер часова наладзіў выпуск “Местной газеты”. Яна зарэгістраваная ў Смаргоні, але да апошняга часу стала выходзіла у Ваўкавыску. Смаргонскі выпуск газэты выдаецца накладам 5500 асобнікаў.
Рамуальд Улан паспрабаваў аспрэчыць рашэньне прыпыніць выхад “Новой газеты Сморгони”, але зварот у Вышэйшы гаспадарчы суд аказаўся безвыніковым. Выданьне зможа зноў выходзіць калі толькі заснавальнік знойдзе юрыдычную асобу, якая будзе мець права выдаваць газэту. Аднак у Смаргоні такой магчымасьці пакуль няма. Дагэтуль выдаўцом была індывідуальная прадпрымальніца Вольга Куняўская. У Міністэрстве інфармацыі лічаць, што выдаўцом можа быць толькі юрыдычная асоба.