Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯ САМОТНЫХ


Сьвятлана Курс, Менск

Людзі старэйшага веку лічаць, што крызыс інстытуту сям’і ёсьць сапраўднай трагедыяй, якая выклікае п’янства і сама выкліканая п’янствам. Гаворыць Зінові Прыгодзіч, галоўны рэдактар самага папулярнага беларускага часопісу “Гаспадыня”, які чытаюць 115 тысяч беларусаў. За год часопіс атрымлівае па некалькі тысячаў лістоў з просьбаю дапамагчы знайсьці сужэнца.

(Прыгодзіч: ) “30% нашых чытачоў — маладыя людзі. Вельмі шмат самотных. Я лічу, што п’янства ёсьць асноўнай прычынай гэтаму. Раней 30% сем’яў распадалася, а цяпер пад 80%. І самота — гэта крык і боль у асноўным жанчын — адсоткаў на 70%. Мужчына нап’ецца, і яму не да гэтага. І то трапляюцца аб’явы…”

Прафэсійная свацьця Ірына Шалкоўская ўжо 10 гадоў ачольвае прыватны Цэнтар стварэньня сям’і.

(Шалкоўская: ) “Кожны год зусім не падобны на прамінулы”.

(Карэспандэнтка: ) “І куды мы рухаемся?”

(Шалкоўская: ) “Ня ведаю. Рукі ў мяне не ўздымаюцца да працы. Я не магу дапамагчы ані жанчынам, ані хлапцам”.

Лічбы сьведчаць, што жанчын да 30 год менш, чым раўналеткаў-мужчын, а ў веку да 25 год суадносіны складаюць 10 дзяўчат на 12 хлопцаў. У той жа час кожная трэцяя жанчына пасьля 30-ці ня мае пастаяннага партнэра, ня кажучы ўжо пра мужчын. Сярод мужчын радыкальна самотны кожны пяты-кожны шосты. Колькасьць мужчын і жанчын раўналеткаў выроўніваецца бліжэй да 30 гадоў. Прычына: высокая сьмяротнасьць мужчын, якія труцяцца алькаголем, патрапляюць у аварыі ды забіваюць сябе. Чацьвертая прычына — гібель у стане ап’яненьня, у асноўным тапельцы, замерзлыя й летуны з вышыняў. Маладыя беларусы ў масе схільныя да вельмі рызыковых паводзінаў. Гэтак, яшчэ 50 тысяч мужчын бавяць найлепшыя гады ў месцах зьняволеньня. Тыя, хто застаецца, шукаюць сабе пары. Яны — асноўныя кліенты шлюбных кантораў.

(Шалкоўская: ) “Маладыя хлопцы 1971–1979 гадоў нараджэньня. Хочуць раўналетак, а з раўналеткамі ў нас праблема, бо яны хочуць выйсьці замуж за забясьпечанага мужчыну. Жанчыны такога ўзросту падабаюцца ўсім, бо яны ня толькі высокай маральнасьці, але і разумныя, эмансыпаваныя. Усе ўжо наеліся маладых дзяўчат”.

Аднак пры гэтым захоўваецца такая зьява як камэрцыялізацыя жанчыны. Ейная каштоўнасьць вымяраецца ўзростам, прывабнасьцю і колькасьцю дзяцей. Меней цэняцца асабістыя якасьці, лічыць свацьця Ірына Шалкоўская.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць камэрцыялізацыя жанчыны?”

(Шалкоўская: ) “Так. Апошнія тры гады гэтая зьява мацнее”.

(Карэспандэнтка: ) “Жанчыны цэняцца менш за мужчынаў?”

(Шалкоўская: ) “Ну, натуральна”.

(Карэспандэнтка: ) “А замежныя мужчыны?”

(Шалкоўская: ) “Рынак нагэтулькі запоўнены нашымі жанчынамі, якія гатовыя прадаць сябе за бесцань, што замежнікі бяруць цяпер толькі да 35 год безь дзяцей”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія прыходзяць жанчыны да вас?”

(Шалкоўская: ) “Жанчыны ідуць, якія вырасьцілі дзяцей, дзецям па 20 гадоў. Жанчыны вольныя, бо мужы ўжо сьпіліся”.

(Карэспандэнтка: ) “І каго яны знаходзяць?”

(Шалкоўская: ) “Альбо нашмат маладзейшых за сябе, альбо нашмат старэйшых”.

Андрэй — якраз такі хлопец, які нарадзіўся ў 70-я гады. Ён самадастатковы, мае добрую працу, шмат сяброў, але не зьбіраецца вязаць сябе ў шлюб, бо не знайшоў самадастатковай і моцнай асобы сабе пад пару.

(Андрэй: ) “Ну не, мой час не настаў!!! Дый не адзінокі я, у мяне шмат сяброў. Адзінота не зьвязаная з прысутнасьцю альбо адсутнасьцю партнэра, сужэнца. Мяне пакуль цалкам задавальняюць адносіны зь людзьмі, якія не прадугледжваюць сэксуальных зносінаў”.

Прычына вялікай колькасьці самотных, на думку Андрэя — жаданьне сучаснага чалавека да самасьцьвярджэньня.

(Андрэй: ) “Таму што чалавек сам сябе не ацэньвае самадастатковым, таму яго іншыя ня могуць ацаніць”.

(Карэспандэнтка: ) “Столькі самотнікаў з прычыны комплексаў непаўнавартасьці?”

(Андрэй: ) “Альбо кардынальна адваротных — комплексаў пыхі”.

Надзея адпавядае апісаньням свацьці аб ідэальнай нявесьце ўраджаю 2003 году. Жанчына зарабляе на сваю сям’ю, ачольвае вялікую арганізацыю, пасьпявае весьці грамадзкую працу, займаецца выхаваньнем сына. Па вечарох — порцыя кікбоксынгу. Надзея лічыць, што старыя ўяўленьні пра каштоўнасьць чалавечае асобы зьмянілася — цяпер асоба цэніцца як індывідуум, а не як узорны сем’янін. У гэтым яна палемізуе з сэксолягам Менскага сэксалягічнага цэнтру Дзьмітрыем Капусьціным.

(Надзея: ) “Цытую Вам Капусьціна: “Ніхто не навучае жанчыну быць жонкаю ці каханкай. Тым больш маці. Жанчыны гатовыя да вытворчасьці, да роўнасьці ў прафэсіі, да жыцьця па-за сям’ёй. І мужчына, як здабытчык і кармілец арыентаваны на жыцьцё па-за сям’ёй. А што ж сям’я? Вынік — заміж сям’і маем пустое гняздо”. Наконт пустагнёздасьці — я не лічу, што двое павінны там сядзець і квахтаць адно на аднаго. Дзеці любяць і бяруць прыклад з самадастатковых бацькоў, якія ўмеюць пабудаваць партнэрскія адносіны. Беларусы як нацыя самотнікаў — нармалёвая тэндэнцыя. Нашы мамкі не жадалі разводзіцца з бацькамі-піякамі, але гэта сышло ў нябыт. На Захадзе людзі, якія маюць сталы партнэрскі зьвязак, часта жывуць у розных будынках. Гасьцявы шлюб. Мяне такія адносіны цалкам задаволяць”.

Усё сказанае пра самоту датычыць гарадоў. У сельскай мясцовасьці свая спэцыфіка — па 20–40 старых кавалераў на вёску і ніводнае нявесты. Мужчыны застаюцца сьпівацца ў безграшовых калгасах, а іхныя ўзорныя аднаклясьніцы ўпырхваюць у горад. Будзе там сям’я ці не, але магчымасьці для рэалізацыі на некалькі парадкаў вышэйшыя.

Што ж датычыць сучасных тэндэнцыяў да распаду сем’яў на асобныя індывідуумы, дык гэтая тэндэнцыя сапраўды мацуецца ў гарадох эўраатлянтычнае цывілізацыі, найбольш у вялікіх. У Парыжы ў паасобных раёнах да 70% людзей жывуць у гасьцявых шлюбах і самоце. Гэта трывожыць урады й супольнасьці, якія пачынаюць кампанію адраджэньня сямейных каштоўнасьцяў — тое, што адбываецца цяпер у ЗША.

Псыхоляг Хрысьціна Сухотка лічыць, што беларусы аднак перажываюць цяпер іншую стадыю — яны ўцякаюць ад калектыўнага, статкавага да індывідуальнага, самапазнаўчага. Спазнаўшы й ацаніўшы сябе па вартасьці, людзі навучацца будаваць пасьпяховыя зьвязкі зь іншымі людзьмі. Калі захочуць, натуральна. Карацей, дзейнічае вядомы філязофскі прынцып: каб аб’яднацца, трэба разьмежавацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG