Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭДУАРД ХАНОК “ШТУРМУЕ” РАСЕЙСКУЮ ДЗЯРЖДУМУ


Ігар Карней, Менск

Сам спадар Ханок, які цьвердзіць, што мае расейскае грамадзянства, а зь ім і ўсе канстытуцыйныя правы, ня вельмі разьлічвае, што стане дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі. І ўсё ж спробу ўзыйсьці на палітычны алімп робіць.

(Ханок: ) “Я — кандыдат у дэпутаты Дзярждумы. У Думу, хутчэй за ўсё, не прайду, але я ўжо заручыўся падтрымкай Іосіфа Кабзона, і таму ў горшым выпадку буду дарадцам Кабзона ў Думе. А мне больш нічога і не патрэбна. Праз 2–3 гады самі будзеце запрашаць мяне ў Беларусь — толькі ўжо за прыстойныя грошы, як і належыць лідэру расейскай “папсы”.

Магчыма, скепсыс Ханка зьвязаны зь невысокай папулярнасьцю партыі Генадзя Райкова за некалькі дзён да выбараў. “Народная партыя”, якая збольшага арыентуецца на той жа электарат, што і камуністы Генадзя Зюганава, сфармаваная пераважна з былых аграрыяў. Дарэчы, сам Райкоў таксама мае беларускія карані: ягоныя бацькі родам з Калінкавічаў.

І тым ня меней… Паколькі Эдуард Ханок зьбіраецца прысутнічаць у Дзяржаўнай думе (хай сабе і ня ў якасьці дэпутата, але памочніка аднаго з парлямэнтароў), дык мне падалося натуральным запытацца ў патэнцыйнага расейскага палітыка пра ягонае стаўленьне да інтэграцыі Беларусі й Расеі. Асабліва ў сьвятле тых чутак, што Ханок-кампазытар нібыта сярод тых, хто далучаны да справы ў напісаньні гімну гэтак званай саюзнай дзяржавы.

(Ханок: ) “Саюзны гімн — гэта справа цалкам беспэрспэктыўная і нікому не патрэбная. Як і ўвесь саюз. Каму патрэбен гімн няіснай рэспублікі? Я думаю, што Аляксандар Рыгоравіч цяпер правільную палітыку праводзіць, не ідучы ў саюз, бо саюз для Беларусі — гэта фактычная страта самастойнасьці. Расея ніколі ня пойдзе на тое, каб з кімсьці дзяліць свой сувэрэнітэт ды яшчэ з кімсьці дзяліцца пасадамі. Расея — гэта сувэрэнная велічэзная імпэрыя. Нічога не атрымаецца з гэтага”.

Кампазытар Ханок не хавае, што пераехаў у Маскву, каб стаць актыўным гульцом у расейскім шоў-бізнэсе. Зь ягонага гледзішча, Беларусь ня мае і пакуль што ня можа мець рынку поп-музыкі.

(Ханок: ) “Беларускі шоў-бізнэс? Яго ўвогуле не існуе. Няма яго. Ёсьць беларуская эстрада. А гэта зусім розныя рэчы. Дзеля таго, каб мець беларускі шоў-бізнэс, трэба мець грошы. А грошай няма. А бяз грошай пабудаваць беларускую эстраду можна, а шоў-бізнэс — нельга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG