Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЯ ПАЛІЦЫЯ СКОНЧЫЛА СЬЛЕДЗТВА Ў СПРАВЕ МІЖНАРОДНАЙ ЗЛАЧЫННАЙ ГРУПОЎКІ, ЯКАЯ ЗАЙМАЛАСЯ ГАНДЛЕМ ЖАНЧЫНАМІ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Крымінальнікі вербавалі ахвотных кабетаў ад 16 да 40 гадоў зь невялікіх гарадкоў праз аб’явы ў у мясцовай прэсе ды рэклямныя ўлёткі. Ім абяцалі 2 тысячы эўра заробку штомесяц за працу ў кухні ці дагляданьне дзяцей.

Потым жанчынаў вывозілі ў Гамбург, адбіралі ў іх пашпарты ды прымушалі займацца прастытуцыяй. Тых, хто не хацеў, прымушалі сілай, а таксама ўводзілі ім наркотыкі.

За адную ахвяру злачынцы атрымлівалі ад адной да дзьвюх тысячаў эўра, а пазьней яшчэ штотыдзень адбіралі ў жанчынаў частку заробленых у такі спосаб грошай.

Большасьць сябраў крымінальнай групоўкі, якая, дарэчы, аказалася адной з найбольш вялікіх зь вядомых дагэтуль, знаходзяцца за кратамі. У хуткім часе ім будзе прад’яўленае абвінавачаньне ў зарганізаванай злачыннай дзейнасьці. Невядома, колькі сярод іх беларусаў – пра гэта не паведамляецца ў інтарэсах сьледзтва.

Паводле паліцыі, нягледзячы на шматлікія выпадкі падману кабетаў, многія зь іх дагэтуль належным чынам ня спраўджваюць, так бы мовіць, “працадаўцаў” ды выжджаюць за мяжу, дзе потым ператвараюцца ў аб’ект гандлю.

Калі гаварыць пра ўдзел беларусаў у злачынных групоўках, што дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы, дык сярод гучных выпадкаў апошняга часу – удзел беларуса ў бандзе злодзеяў аўтамабіляў, а яшчэ раней – падзеі ў падваршаўскай Магдаленцы. Там беларус разам з палякам наладзілі сапраўдную бітву з паліцыяй, у часе якой загінулі самі, але і забілі і паранілі больш за дзясятак паліцыянтаў.

І яшчэ цікавая адметнасьць – на тэрыторыі Польшчы не было зафіксавана ніводнай злачыннай групоўкі, якая б складалася выключна зь беларусаў. Беларусы не ствараюць групоўкі паводле нацыянальнага прызнаку, як скажам, віетнамцы, армяне ці яшчэ хто.
XS
SM
MD
LG