Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЙНЫЯ КАНДЫДАТЫ Ў БЕЛААЗЁРСКУ ПАЗБАЎЛЕНЫЯ МАГЧЫМАСЬЦІ ЗЬВЯРНУЦЦА ДА СВАІХ ВЫБАРШЧЫКАЎ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Другі тур выбараў у Белаазёрскі гарадзкі савет павінен адбыцца 4 сьнежня ў дзьвюх выбарчых акругах. Сярод тых, хто працягвае барацьбу – сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Ірына Драчэнка і Зьміцер Трацьцяк. Іхнымі супернікамі будуць адпаведна бугальтарка мясцовай філіі “Прыорбанку” і начальнік цэху Белаазёрскага энергамэханічнага заводу. Гэтых кандыдатаў падтрымлівае выканчаўчая ўлада, якая прыкладае велізарныя намаганьні, каб забясьпечыць перамогу сваім вылучэнцам. Вось што распавёў кіраўнік мясцовай арганізацыі Народнай Грамады Яўген Акаронка:

(Акаронка: ) “Напярэдадні выбараў пайшла новая хваля ананімак супраць нашых кандыдатаў, што выйшлі ў другі тур. Гэтыя ўлёткі, якія нікім не падпісаныя, зноў раскіданыя ў горадзе. Пра сябраў нашай партыі там напісана ў зьняважлівай форме. А дзяржаўная газэта “Маяк” надрукавала артыкул у патрымку вылучэнцаў ад улады, якія ёсьць апанэнтамі кандыдатаў ад Народнай Грамады. Мы паехалі да рэдактара, каб надрукаваць артыкул пра сваіх кандыдатаў і распавесьці, што ня ўсё ў нас так дрэнна. Нам адмовілі ў публікацыі, хаця паводле закону мы маем роўныя магчымасьці”.

Паводле словаў спадара Акаронкі, мясцовая пракуратура ніяк не адрэагавала на скаргу апазыцыйных кандыдатаў, якіх пазбавілі магчымасьці зьвярнуцца да выбаршчыкаў праз сродкі масавай інфармацыі.

Варта нагадаць, што пасьля выбараў сёлета ў сакавіку Белаазёрск заставаўся адзіным горадам у Беларусі, дзе большасьць абраных дэпутатаў прытрымлівалася дэмакратычных поглядаў. Каб пазбавіць апазыцянэраў уплыву на гарадзкі савет, выканаўчыя ўлады абвесьцілі паўторныя выбары ў тых акругах, дзе ўвесну дэпутаты ня былі абраныя. Паводле вынікаў першага туру, які адбыўся 23 лістапада, у Белаазёрскі гарсавет трапілі яшчэ дзевяць чалавек. Усе яны карысталіся падтрымкай мясцовай “вэртыкалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG