Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 3 СЬНЕЖНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Бацькаўшчына”, 1953 год. Да 33-й гадавіны Слуцкага паўстаньня:

“Тым, што паўсталі і пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына! Гэтыя глыбокія сваім зьместам і вымоўныя значэньнем словы былі вышытыя на сьцягу Слуцкага Паўстаньня. Словы гэтыя зьмяшчаюць у сабе глыбокую сымболіку. Бо хіба ніякі іншы лёзунг ня мог-бы лепей і паўней перадаць нам асноўнага характару Слуцкага збройнага чыну! Яны гавораць, што адважныя Случчакі кінуліся ў крывавы бой ня толькі па тое, каб нішчыць зьненавіджанага ворага, але й паставілі перад сабой ясна вызначаную пазытыўную мэту змаганьня — каб жыла Бацькаўшчына!”

“ЛіМ”, 1983 год. Віктар Дашук пра работу над цыклем фільмаў паводле кнігі “Я з вогненнай вёскі…”:

“Пісьменьнікі часта крыўдзяцца, што на студыі рэдка экранізуюцца іх творы, не адносяцца з належнай павагай да іх творчасьці. Паўтару і вядомае: самі пісьменьнікі ня любяць і ня ўмеюць працаваць у кіно. Трапляючы ў калідоры студыі, яны ці паводзяць сябе як запраўскія мэтры, ці як бедныя сваякі… Такога высокага прафэсіяналізму, якім валодае Адамовіч, мне раней не даводзілася сустракаць ні ў каго зь літаратараў. Ён адчувае сябе ў кіно “сваім” чалавекам, а яго эрудыцыя, глыбокія веды ў галіне літаратуры аб вайне, гісторыі вайны, яго тонкі розум дасьледчыка — усё працавала на карціну, якая з пачатку да канца нараджалася пры яго ўдзеле”.

“Бабруйскае жыццё”, 1993 год. З нагоды грыпу колькі народных рэцэптаў:

“Узяць алей, вытрымаць яго 30–40 хвілін на вадзяной бані, астудзіць, а потым дадаць 3–4 долькі дробна нарэзанага часнаку і 1/4 цыбуліны. Празь дзьве гадзіны ўсё гэта працадзіць і змазаць настоем сьлізістую абалонку носа. Другі рэцэпт: 3 сталовыя лыжкі дробна нарэзанай цыбулі заліць 50 мл. цёплай вады і дадаць туды 1/4 чайнай лыжкі мёду. Настаяць 30 хвілін. Такі настой выкарыстоўваецца пры прамываньні носа і як кроплі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG