Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЙДУКЕВІЧ І ЯГО АПАНЭНТЫ НАПЯРЭДАДНІ 9 ЗЬЕЗДУ ЛІБЭРАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ БЕЛАРУСІ

Ганна Соусь, Менск

У офісе Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі цяпер адначасова месьцяцца як старшыня партыі Сяргей Гайдукевіч са сваімі паплечнікамі, так яго апанэнты — сябры Вышэйшай рады партыі, якія выказалі на зьезьдзе ў верасьні недавер Сяргею Гайдукевічу. Міністэрства юстыцыі палічыла неправамоцнымі рашэньні апошняга зьезду лібэрал-дэмакратаў і пастанавіла правесьці новы зьезд. Сёньня Сяргей Гайдукевіч на прэсавай канфэрэнцыі абвесьціў, што Міністэрства юстыцыі пільна праверыла ўсе партыйныя дакумэнты.

(Гайдукевіч: ) “Партыя перадала ў Міністэрства юстыцыі сьпіс 3545 сяброў партыі на праверку і 22 тысячы сяброў партыі па структурах. Мы выканалі ўсе патрабаваньні Міністэрства юстыцыі. Мы атрымалі пячатку й статутныя дакумэнты, якія 8 верасьня былі перададзеныя старшынём Лібэральна-Дэмакратычнай партыі ў Міністэрства юстыцыі згодна са статутам і законам”.

20 сьнежня адбудзецца 9 зьезд партыі. Сяргей Гайдукевіч называе яго чарговым, сябра Вышэйшай Рады партыі Алег Маркевіч — пазачарговым. Сяргей Гайдукевіч упэўнены, што на зьезьдзе яго пераабяруць, а апанэнтаў, якіх ён называе “палітычнымі пярэваратнямі”, выключаць са складу партыі. Сяргей Гайдукевіч абвінавачвае сваіх апанэнтаў, у тым, што яны спрабавалі падкупіць сяброў партыі. Каб даказаць гэта, ён запрасіў на прэсавую канфэрэнцыю кіраўнікоў абласных філіяў партыі, якія распавядалі, як ім абяцалі грошы, кватэры, машыны за тое, што яны выкажуць недавер Гайдукевічу.

(Гайдукевіч: ) “Цяпер партыя стала больш згуртаваная, чым была 6 верасьня. Купіць партыю не ўдалося й не ўдасца. Ніякіх грошай ня хопіць”.

Апанэнты ж Гайдукевіча лічаць, што менавіта ён купляе падтрымку сябраў партыі. Гаворыць Алег Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Мы ўсё зрабілі на энтузіязьме й на недаверы Гайдукевічу. Таму што Гайдукевіч зьнёс партыйную скарбніцу зь вельмі вялікімі грашыма. І мы маглі яму супрацьпаставіць толькі сваю добрасумленнасьць і прынцыповасьць”.

Увогуле ў расповедах і Гайдукевіча і Маркевіча шмат супярэчнасьцяў. Сяргей Гайдукевіч абвінавачвае сваіх апанэнтаў у тым, што яны хочуць далучыцца да пяцёркі апазыцыйных партыяў, паводле Маркевіча, гэта не адпавядае рэальнасьці. Дарэчы, абодва лідэры зьвярталіся да лідэра расейскай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Ўладзімера Жырыноўскага і тлумачылі яму сваё бачаньне сытуацыі ў партыі.

Сябра Вышэйшай Рады Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Маркевіч пакуль ня ведае, ці пойдуць апанэнты Сяргея Гайдукевіча за 9 зьезд.

(Маркевіч: ) “Мы ня ведаем, ці пойдзем мы. Бо калі пойдзем, то такім чынам мы яго падтрымаем. А паводле статуту, ён ня можа бяз нас склікаць гэты зьезд. А калі ён зьбірае бяз нас, то гэта незаконна, таму што мы жывём паводле статуту Міністэрства юстыцыі. Партыя будзе. Партыя — гэта не адзін Гайдукевіч. Гэта найперш людзі, а людзі яму сказалі “не”.
XS
SM
MD
LG