Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АБМЕЖАВАЛІ ПРОДАЖ САДАВІНЫ, ГАРОДНІНЫ І КВЕТАК

Галіна Абакунчык, Менск

Уваход у мэтро на станцыі Інстытут культуры — гэта яшчэ й пераход да аднайменнага прыпынку прыгарадных электрацягнікоў. Таму вулічны гандаль апэльсынамі, яблыкамі, кветкамі й іншымі прадуктамі тут асабліва ажыўлены й кіпеў тут яшчэ пару дзён таму. Цяпер на вуліцы пуста й малалюдна, а ў бабулек, якія ўпотай гандлююць цыгаркамі, разгубленыя мінакі намагаюцца высьветліць, куды зьніклі гандляры. Вось што паведамілі мне Надзея Чапля й спадарыня Леаніда:

(Леаніда: ) “Для людзей лепш было. Людзі прыходзяць — пакруцяцца, пакруцяцца, пытаюцца — а дзе ж дзеліся латкі? Тут вельмі прыстойныя прадаўцы былі. Я не сустракала такога, каб табе прадалі кепскае”.

(Чапля: ) “Марожанага яны не прадавалі. Нічога памарожанага яны не прадавалі: калі нешта зьмерзьне, дык яны адкідалі й гаспадару вярталі. Людзі вельмі сумуюць па гэтым месцы й вельмі абураюцца”.

Сказанае пацьвердзілі дзьве пакупніцы, якія яшчэ ня ведалі пра новаўводзіны гарадзкіх уладаў і па звычцы прыйшлі на міні-рынак. Забарону вулічнага гандлю яны назвалі жаданьнем уладаў абараніць уласныя інтарэсы. Гавораць спадарыні Валянціна Кашко й Яня Цыбульская:

(Валянціна: ) “ Хацела банан купіць. Была на Камароўцы, там даражэй — дай, думаю сюды паеду — хлоп, няма. Прыбралі. Тут такія недарагая садавіна была, таньней, чым на Камароўцы”.

(Яня: ) “А мне здаецца, так зрабілі таму, што ў краме не купляюць, бо ў краме вельмі дорага. Я паглядзела — па тры, па чатыры тысячы. Я не магу купіць”.

(Валянціна: ) “А тут прадпрымальнікі былі добрасумленныя, якія думалі пра наш беларускі народ. Яны нікому не перашкаджалі, гэтыя латкі. Мы проста плачам: пастаўце хоць парачку латочкаў, дачушка, дарагая. А божа ж мой, а мілы мой”.

(Чапля: ) “Месца тут хадавое: усе бягуць на мэтро, на электравік. У Кожны нешта хоча прывезьці — у Барысаў, у Воршу ідуць электравікі, і людзі па дарозе купляюць гасьцінцы. А кудысьці ісьці — цягнік пойдзе”.

Гандлярка кветкамі Ірына кажа, што таксама хвалюецца, што й іхныя шэрагі хутка будуць прыбраныя, як гэта было зроблена на цэнтральных вуліцах гораду. Але яна перакананая, што ніякімі забаронамі пакупнікоў у дзяржаўныя крамы загнаць ужо немагчыма. Гаворыць спадарыня Ірына:

(Ірына: ) “На сто адсоткаў перакананая, што не паднімецца дзяржструктура на гэткі ўзровень, як мы. Зайдзіце ў любую дзяржаўную краму й паглядзіце які асартымент там. Хіба дзяржпрадпрыемства аформіць такія букеты, як у нас? Мы яшчэ не гатовыя ў гэткім аб’ёме прадаваць наш беларускі прадукт. Я разумею, што “купляйце беларускае”. Але няма такога выбару”.

Паводле спадарыні Ірыны, ейныя каляжанкі, якія прадавалі кветкі каля станцыі мэтро Акадэмія Навук і ў іншых пунктах гораду, цяпер сталі беспрацоўнымі.
XS
SM
MD
LG