Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭЙМ ЛІТВЫ ЎХВАЛІЎ СПРАВАЗДАЧУ АДМЫСЛОВАЙ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ КАМІСІІ


Юры Дракахруст, Прага

Камісія прыйшла да высновы, што пагроза нацыянальнай бясьпецы сапраўды існавала і існуе дагэтуль, пакуль прэзыдэнт Паксас знаходзіцца пад кіраўніцтвам і ўплывам вонкавых сілаў. Менавіта гэтак сфармуляваў выснову адмысловай камісіі яе старшыня Алоізас Сакалас.

Скандал распачаўся ў канцы кастрычніка, калі літоўская выведка абнародавала сэнсацыйную інфармацыю, паводле якой прэзыдэнт Паксас і яго дарадца ў нацыянальнай бясьпецы мелі сувязі зь міжнароднай злачыннасьцю. Размова, прынамсі, ішла пра галоўнага спонсара перадвыбарчай кампаніі Паксаса, расейскага бізнэсмэна Юрыя Барысава, датычнага да незаконных паставак зброі ў Судан. Паведамлялася таксама пра сувязі прэзыдэнта зь іншай расейскай фірмай, якая ў сваю чаргу зьвязаная з расейскімі спэцслужбамі. Была створаная адмысловая парлямэнцкая камісія, якая дасьледавала дакумэнты, дапытала прэзыдэнцкіх дарадцаў і самога кіраўніка дзяржавы. Высновы камісіі былі несуцяшальнымі для Раландаса Паксаса. Паводле старшыні камісіі Алаізаса Сакаласа, інфармацыя літоўскай выведкі была пацьверджаная, болей таго, паводле Сакаласа, быў зафіксаваны ня меней як адзін выпадак, калі сакрэтная інфармацыя была перададзеная неналежным асобам наўпрост ад прэзыдэнта. Сам кіраўнік дзяржавы адхіляе ўсе абвінавачаньні, ён называе сябе ахвяраю “паляваньня на вядзьмарак”: “Я мяркую, што абвінавачваючы мяне, не прыводзячы доказаў, без належнага дасьледаваньня, часовая парлямэнцкая камісія пацьвердзіла, што мела адну мэту – адхіліць мяне ад пасады любымі сродкамі”.

Аднак апанэнты прэзыдэнта даюць веру высновам камісіі, яны назваюць кіраўніка дзяржавы марыянэткай, нявольнікам расейскіх інтарэсаў. Да зьяўленьня справаздачы сэймавай камісіі кіраўнік ўраду Альгірдас Бразаўскас устрымліваўся ад абвінавачаньняў на адрас Паксаса і ў прынцыпе падтрымліваў яго ў гэтым скандале. Але пазаўчора Бразаўскас таксама заявіў, што прэзыдэнту варта было б пакінуць пасаду.

Такой думкі прытрымліваецца большасьць фракцыяў парлямэнту. Група дэпутатаў паведаміла, што на наступным тыдні ўнясе праект пастановы для пачатку працэдуры імпічмэнту. Паводле закону, каб распачаць працэдуру, патрэбна 36 галасоў парлямэнтароў са 141, для канчатковага рашэньня яго павінны ўхваліць 85 дэпутатаў. Само разьбіральніцтва, калі яно пачнецца, зойме некалькі месяцаў. Кіраўнік кансэрватыўнай партыі Літвы Андрус Кубілюс называе цяперашні скандал “Літвагейтам”, па аналёгіі са справай “Уотэргейт”, якая прывяла да адстаўкі прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана. Андрус Кубілюс гаворыць: “Да гэтага крызысу пра Літву ў міжнародным друку пісалі як пра балтыйскага тыгра, краіну зь вельмі імклівым ростам эканомікі. Зараз пра нас пішуць як пра краіну вялікага прэзыдэнцкага скандалу. І гэта вельмі кепска адбіваецца на вобразе нашай краіны”.

Аднак, паводле меркаваньня лідэра літоўскіх кансэрватараў, цяперашняе разьбіраньне мае і станоўчы бок. Здольнасьць Літвы знайсьці дэмакратычны шлях вырашэньня крызысу праз адкрытую і празрыстую працэдуру ў парлямэнце можа паказаць, што літоўская дэмакратыя дастаткова сьпелая і што Літва сапраўды гатовая вырашаць нават такія крызысы, якія часам здараюцца і ў іншых дэмакратычных краінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG