“Независимая газета” прыводзіць словы расейскага прэм’ер-міністра Міхаіла Касьянава, паводле якога Масква спадзяецца, што пераход Беларусі на расейскі рубель яшчэ можа адбыцца да 1 студзеня 2005 году. Газэта зьвяртае ўвагу і на заяву выканаўца абавязкаў кіраўніка беларускага ўраду Сяргея Сідорскага, што Беларусь не зьбіраецца гамаваць увядзеньне адзінай валюты.
Аднак іншыя выданьні раскрываюць падбіўку гэтых узаемных ветлівасьцяў. “Коммерсант” распавядае пра пакет умоваў пераходу на расейскі рубель, які прывез у Маскву Сяргей Сідорскі. Гэтыя дакумэнты прадугледжваюць значныя кампэнсацыі Расеяй стратаў беларускай дзяржавы, прынамсі, беларускага бюджэту ад увядзеньня расейскага рубля. Расейскі бок і раней, і зараз заяўляў і заяўляе пра непрымальнасьць гэтых умоваў. Аднак, паводле “Коммерсанта”, сярод прапановаў, што прывез Сідорскі, утрымліваецца яшчэ адна, а менавіта, ідэя перадаць правы эмісіі агульнай валюты міждзяржаўнай валютнай радзе, якая б падпарадкоўвалася выключна вышэйшаму дзяржаўнаму савету саюзу.
Расейскі бок заўсёды катэгарычна настойваў на тым, што эмісійным цэнтрам можа быць толькі Цэнтральны банк Расеі. Цяперашні раўнд перамоваў пра рубель стаў увогуле магчымым таму, што Менск нібыта пагадзіўся перадаць эмісійныя правы Маскве. Але прапановы Сідорскага (а дакладней, Лукашэнкі) вяртаюць перамовы ў зыходную кропку. “Прапановы былі прывезеныя ў Маскву не дзеля абмеркаваньня, а дзеля зрыву ці хаця б зацягваньня перамоваў“, – піша “Коммерсант”, і дадае: “сп. Сідорскі (відавочна па наўпроставым загадзе сп-ра Лукашэнкі) фактычна паставіў кропку на валютным збліжэньні дзьвюх краінаў”.
Спасылаючыся на неафіцыйныя крыніцы, газэта піша, што Лукашэнка не дасі згоды на “рублёвы аншлюс”, пакуль яму ня будзе гарантаваная пасада віцэ-прэзыдэнта саюзнай дзяржавы. “Аднак цяжка ўявіць сабе, каб Уладзімер Пуцін даваў каму б то ні было дакладныя палітычныя гарантыі”, – адзначае “Коммерсант”.
“Новые Известия” зьвяртаюць увагу на тое, што кіраўнікі ўрадаў пасьля ўчорашніх перамоваў нават ня выйшлі да журналістаў. Выданьне пералічвае ранейшыя выпадкі жорсткіх сутычак Сідорскага і Касьянава і гаворыць пра амаль непрыхаваную няпрыязь, якую дэманструюць адзін да аднаго кіраўнікі беларускага і расейскага ўрадаў.
“Известия”, спасылаючыся на неафіцыйныя крыніцы, паведамляюць, што зараз размова ідзе пра перанос тэрміну валютнага аб’яднаньня на 2006 год. Паводле “Известий”, гэты тэрмін можа быць абвешчаны ў лютым наступнага году, на пасяджэньні вышэйшага дзяржаўнага савету саюзу. Дарэчы, менавіта на гэтым пасяджэньні мяркуецца прыняць рашэньне наконт канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы. Газэта адзначае, што рашэньні будуць залежыць ад палітычнага самавызначэньня кіраўніка Беларусі. “У 2006 годзе Беларусь абірае новага прэзыдэнта, Лукашэнка ня мае права выстаўляць сваю кандыдатуру. Аднак ён ўсімі праўдамі і няпраўдамі імкнецца захаваць прэзыдэнцкую пасаду, і саюзная Канстытуцыя патрэбная яму як сродак праз рэфэрэндум працягнуць свае паўнамоцтвы”, – пішуць “Известия”.