Лідэры кааліцыі спыніліся на трох відах акцыяў. “Ланцугі неабыякавых людзей” і апытаньні-галасаваньні жыхароў Беларусі на тэму трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі праводзіліся і раней. А вось на прахадныя заводаў і фабрык актывісты пойдуць, бадай, упершыню. Яны мяркуюць сустрэцца там з рабочымі, правесьці зь імі гутаркі, раздаць інфармацыйныя матэрыялы. Асобнай тэмай у такіх размовах будзе праблема жыльлёва-камунальных плацяжоў.
Спачатку лідэры кааліцыі нават хацелі наладзіць адмысловыя пікеты выключна з нагоды росту тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Аднак досьвед Партыі камуністаў Беларускай, прадстаўнікам якіх у Гомельскай вобласьці паўсюдна адмовілі ў дазволах на такія акцыі, вымушае размаўляць пра гэта ля заводскіх прахадных.
Кожны суб’ект, кожны рэгіён самастойна абірае свой фармат акцыяў, падкрэсьлівае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька:) “Гэта элемэнт даверу да рэгіёнаў і ўлік пэўнай спэцыфікі. У адных рэгіёнах затрымліваюць нават людзей з партрэтамі зьніклых, у іншых гэта дазволена. Некаторыя нам гавораць: нам прасьцей раздрукаваць інфармацыю з выходнымі дадзенымі й прыйсьці на прахадную заводу і там некалькі соцень улётак распаўсюдзіць. А трэція гавораць: нам лепш прайсьці па дамах і запытаць людзей пра іх стаўленьне да трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Таму мы і даем мажлівасьць выбару. Некаторыя рэгіёны гавораць, што яны правядуць і першае, і другое, і трэцяе”.
Дата пачатку акцыяў абраная невыпадкова — 10 сьнежня адзначаюцца 55-я ўгодкі Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.