Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЛІЦЭІСТАЎ НАЦКАВАЛІ МІЛІЦЫЯНТАЎ

Любоў Лунёва, Менск

Паколькі бацькі ліцэістаў не пагадзіліся адвесьці сваіх дзяцей у звычайныя школы, улады задзейнічалі міліцыю. Участковыя міліцыянты пачалі наведваць кватэры. Бацькам ліцэістаў пагражаюць штрафамі за нібыта кепскае выхаваньне дзяцей. Міліцыянты паведамілі, што перададуць складзеныя пратаколы для разгляду ў адміністрацыйныя камісіі райвыканкамаў.

Да навучэнкі другога курсу Алены Дзейшчыц участковы з аддзелу міліцыі Маскоўскага раёну наведваўся двойчы. Ён папярэджваў дзяўчынку, што ў яе будуць непрыемнасьці, калі яна ня пойдзе ў школу. Вось як Алена распавяла пра гэта Радыё Свабода:

(Алена: ) “Потым я зноў была адна дома. Ён у дамафон сказаў, каб я адчыніла дзьверы. А я яму: “Ведаеце, мне бацькі забаранілі адчыняць дзьверы незнаёмым дзядзькам”. Ён кажа: “Я ж зь міліцыі!” Тады я: “Адкуль я ведаю, хто вы?”. Потым ён прыйшоў недзе а 12 гадзіне начы. Я сядзела ў сваім пакоі, а ён размаўляў з маімі бацькамі. Ён пытаўся, дзе я вучуся, што я павінна вучыцца ў школе… Казаў, што мае бацькі павінны пісаць нейкую тлумачальную наконт таго, чаму не вучуся ў звычайнай школе. Міліцыянт паведаміў, што маю маці будуць выклікаць на адміністрацыйную камісію”.

На думку намесьніцы дырэктара ліцэя Ірыны Сідарэнкі, чыноўнікі Міністэрства адукацыі такім чынам прадэманстравалі сваю няздольнасьць вырашыць гэтую праблему.

(Сідарэнка: ) “Вельмі прыемна адзначыць, што тыя дзеці, якія сышлі, іх няшмат, але яны ўдзельнічаюць ва ўсіх алімпіядах. Яны займаюць там ганаровыя месцы. Перамаглі на ўнутрышкольных алімпіядах, а цяпер выйшлі на раённыя. Яны найлепшыя вучні ў сваіх клясах. Такім чынам, тыя абставіны і ўмовы навучаньня, у якіх мы апынуліся, абсалютна не ўплываюць на якасьць адукацыі. Хочацца зьвярнуцца да чыноўнікаў Міністэрства адукацыі, да нашых уладаў, каб яны ведалі, што нельга зьнішчаць людзей, рабіць выгляд, што іх не існуе. Стаіць пусты будынак ліцэю, а дзеці займаюцца ў напружанай абстаноўцы. Гэта маральны ўрон дзецям, нам, настаўнікам, якія лічацца беспрацоўнымі. Пачынаецца, прабачце за гэта слова, “наезд” на дзяцей, на бацькоў… А ні дзеці, а ні мы, настаўнікі, не зьвяртаем на гэта ўвагі. Вельмі радыя і ўпэўненыя, што нашы дзеці ў параўнаньні са школьнікамі на тры галавы вышэйшыя”.

Выкладчыкі ліцэю паведамілі, што, нягледзячы на рэпрэсіі з боку ўладаў, заняткі не былі сарваныя. Навучэнцы цяпер актыўна рыхтуюцца да навукова-практычнай канфэрэнцыі, якая мусіць адбыцца ў студзені. Дзеці самастойна рыхтуюць навуковыя даклады. Найлепшыя працы будуць надрукаваныя ў газэце “Наша слова”.
XS
SM
MD
LG