Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

Сёньня ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень інвалідаў, які быў абвешчаны Генэральнай Асамблеяй ААН 3-га сьнежня адзінаццаць гадоў таму.

Гістарычныя даты сёньняшняга календара так ці інакш зьвязаныя з эміграцыяй.

3 сьнежня 1918 году Рада і Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі пакідаюць Менск. Пастанову захаваць кіраўніцтва БНР і ідэю незалежнасьці Беларусі незадоўга перад тым прыняла Рада Рэспублікі. БНР была абвешчаная ў Менску 25 сакавіка, праіснавала тут акурат да 3 сьнежня і пакінула горад, які неўзабаве мусіў перайсьці ў рукі бальшавікоў. Кіраўніцтва БНР пераехала ў Вільню, пасьля ў Горадню, адкуль пачалася доўгая гісторыя Рады БНР у эміграцыі. Ня скончылася яна і сёньня.

3 сьнежня 1907 году нарадзіўся беларускі паэт Рыгор Крушына. Ён прыйшоў на сьвет у вёсцы Бязьверхавічы пад Слуцкам. Ягоны першы зборнік вершаў пад назвай “Паэзія чырвонаармейца” выйшаў у Менску ў 1931 годзе. У 1935-м Крушына скончыў Маскоўскі інстытут кінематаграфістаў. У часе вайны апынуўся ў акупаваным Менску, адкуль патрапіў у эміграцыю, дзе працягваў сваю творчасьць, выпускаючы паэтычныя кнігі. Працаваў Рыгор Крушына і на Радыё Свабода, стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, а таксама – першым беларусам, сябрам Міжнароднага ПЭН-цэнтру. Памёр Рыгор Крушына ў 1979 годзе.

3 сьнежня 1926 году нарадзіўся яшчэ адзін беларускі паэт, чыё жыцьцё зьвязанае з эміграцыяй – гэта Янка Юхнавец, творы якога толькі нядаўна пачалі друкавацца на Бацькаўшчыне, бо за савецкім часам былі забароненыя. Гэтаксама, як і творы ўсіх замежных беларускіх літаратараў.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 3 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня італьянскага майстра Нікола Амаці, у якога вучыліся рабіць свае славутыя скрыпкі Гварнэры і Страдывары; украінскага філёзафа Рыгора Скавараду і італьянскага кампазытара Ніна Рота, які напісаў музыку да мноства фільмаў. Магчыма, самы вядомы сярод іх – трылёгія Фрэнка Копалы «Хросны Бацька».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG