Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ БАЛЬШЫНЯ АХВЯРАЎ ВІЧ-ІНФЭКЦЫІ ЖЫВЕ Ў САЛІГОРСКУ

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Салігорск прэтэндуе на ролю новага крызыснага цэнтру ў пытаньні ВІЧ-інфэкцыі. Тут зарэгістравана 297 інфікаваных асобаў. Гэта дзьве траціны ад усёй колькасьці заражаных, якія жывуць у Менскай вобласьці. Толькі сёлета тут выяўлена больш як 100 новых ахвяраў інфэкцыі. Як паведаміла нашаму радыё загадчыца аддзелу прафіляктыкі СНІД мясцовай санэпідстанцыі Валянціна Пасюк, іхных прозьвішчаў не афішуюць. Апроч мэдыкаў ды саміх інфікаваных, пра небясьпечны вірус ведаюць хіба што іх блізкія. Паводле спадарыні Пасюк, такім спосабам ахвяраў вірусу аберагаюць ад магчымай дыскрымінацыі:

(Пасюк: ) “Канкрэтных, яўных выпадкаў перасьледу ў нас няма. Я не сутыкалася з выпадкамі непрыязнасьці, выпадкамі, калі гэтыя людзі сталі ізгоямі. Таму гэтыя людзі ў нас могуць працаваць у любой установе. І працуюць. У нас вось дзевяць школьнікаў ВІЧ-інфікаваных. Яны ходзяць у школу разам зь іншымі дзецьмі”.

Паводле яе, гэта вынік шырокага прафіляктычнага інфармавання салігорцаў пра СНІД і ВІЧ-інфэкцыю. Між тым, выпадковых ахвяраў ВІЧ-інфэкцыі — у Салігорску меншасьць. Пераважная большасьць — мясцовыя наркаманы. Людміла Трухан узначальвае ў горадзе мясцовую філію грамадзкага аб’яднаньня “Маці супраць наркотыкаў”:

(Трухан: ) “Я ня бачыла, каб атачэньне палохалася. Наркаспажыўцы, як правіла, ня думаюць пра наступствы, яны ўсім кажуць пра свой ВІЧ-статус. Але яны працягваюць жыць у сем’ях, усе сябры ведаюць, што яны ВІЧ-інфікаваныя. У нас ёсьць сшытак, дзе наркаманы пішуць пра свае праблемы. І я мушу зазначыць, што калі чалавек ВІЧ-інфікаваны, то ён сваімі праблемамі не адрозьніваецца ад астатніх людзей”.

Адно з самых людных месцаў у Салігорску — Палац культуры. Тут на масавых мерапрыемствах бывае шмат моладзі. Супрацоўнікі не выключаюць, што ў ліку сталых наведнікаў і ВІЧ-інфікаваныя. Натальля Ганчар узначальвае тут мэтадычны цэнтар. Яна ўстрывожаная з прычыны імклівага пагаршэньня ў горадзе сытуацыі зь ВІЧ-інфэкцыяй. Аднак да ахвяраў небясьпечнага вірусу ніякай пагарды ня мае. Паводле ейных назіранняў, пераважная частка салігорцаў ставіцца да інфікаваных са шкадаваньнем:

(Ганчар: ) “Страху няма. У нас вядзецца актыўная інфармацыйная праца. Гэтая тэма не сыходзіць са старонак газэтаў, пра яе распавядае мясцовае тэлебачаньне. Таму фобіі няма. Усім вядома, што праз паветра вірус не перадаецца. То чаму я мушу дыскрымінаваць гэтых людзей?! Ніхто не прапаноўвае зачыніць іх у клетцы. Гэта чыесьці браты, чыесьці сваякі, чыясьці маці альбо тыя ж дзеці”.

У Беларусі няма незалежных арганізацыяў, якія б грунтоўна займаліся аналізам правоў ВІЧ-інфікаваных асобаў. Невялікі досьвед мае хіба што “Пазытыўны рух”. Гаворыць прадстаўніца гэтай арганізацыі Тата Краўцова:

(Краўцова: ) “Дасьледаваньняў у гэтай сфэры не праводзіліся. Адзінае, гэта хіба што сацыялягічнае апытаньне, якое мы летась праводзілі па ўсёй краіне ў рамках праекту ў справе дыскрымінацыі людзей, што жывуць зь ВІЧ. І вынікі апытаньня сьведчаць, што ў грамадзтве ўсё ж ёсьць стэрэатыпы ў дачыненьні да гэтых людзей. У прыватнасьці, шмат хто мяркуе, што хварэюць на СНІД прадстаўнікі маргінальных слаёў — прастытуткі, наркаманы, геі, гэта значыцца, тыя, хто ў нашым грамадзтве не ўспрымаюцца як нармалёвыя людзі. І як вынік, СНІДам могуць хварэць толькі кепскія людзі, што добрыя людзі гэтым хварэць ня могуць”.
XS
SM
MD
LG