Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛІТВЕ ПРАЦЯГВАЕЦЦА ПАЛІТЫЧНЫ КРЫЗЫС


Юры Дракахруст, Прага

У Літве апублікаваная справаздача сэймавай камісіі, у якой гаворыцца пра недарэчныя сувязі асобаў з атачэньня кіраўніка дзяржавы з расейскімі спэцслужбамі і з расейскім прадпрымальнікам, датычным да незаконнага гандлю зброяй. Паводле аўтараў справаздачы, яны здолелі пацьвердзіць абнародаваную раней інфармацыю літоўскай выведкі пра сумнеўныя сувязі паплечнікаў прэзыдэнта.

Алоізас Сакалас, старшыня сэймавай камісіі, што падрыхтавала справаздачу, сьцьвярджае, што ня меней як адзін раз уцечка сакрэтнай інфармацыі адбылася наўпрост ад самаго прэзыдэнта. “Гэтая сытуацыя стварае пагрозу нацыянальнай бясьпецы”, – да такой высновы прыйшлі аўтары справаздачы. “На месцы прэзыдэнта я б сышоў у адстаўку”, – гаворыць сп. Сакалас. Такое ж меркаваньне выказаў і прэм’ер-міністар краіны Альгірдас Бразаўскас. Патрабаваньне да Раландаса Паксаса пакінуць пасаду выказваюць і ўдзельнікі шматлікіх маніфэстацыяў, якія адбываліся ў Літве апошнім часам.

Сёньня парлямэнт Літвы разглядае магчымасьць пачатку працэдуры імпічмэнту. Каб распачаць працэдуру, за гэта мусяць выказацца 36 дэпутатаў са 141, каб прыняць канчатковае рашэньне аб адхіленьні кіраўніка дзяржавы ад пасады, за яго мусяць прагаласаваць 86 парлямэнтароў. Старшыня літоўскага сэйму Артурас Паўлаўскас паведаміў, што большасьць фракцыяў парлямэнту маюць намер падтрымаць імпічмэнт. Аднак літоўскія палітыкі выказваюцца за тое, каб Паксас сам сышоў з пасады, не даводзячы справу да імпічмэнту, бо гэта істотна папсуе вобраз Літвы напярэдадні яе ўступленьня ў NATO і ў Эўразьвяз. Аднак сам Раландас Паксас адхіляе ўсе абвінавачаньні і не зьбіраецца пакідаць пасаду. Учора ён заявіў: “Ацэнка вельмі простая. Ідзе барацьба за ўладу, болей нічога. Я выдатна ведаю законы і Канстытуцыю. Ані законаў, ані Канстытуцыі, ані сваёй прысягі я не парушаў. Таму я спакойны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG