Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКАЯ ПАДЗЕЯ МІНУЛАГА ГОДУ МЕЛА ДЛЯ БЕЛАРУСІ ГІСТАРЫЧНАЕ ЗНАЧЭНЬНЕ?

Ганна Соусь, Менск

Большасьць апытаных мной выпадковых мінакоў ня здолелі назваць падзею 2003 году, якая б мела для Беларусі гістарычнае значэньне. А сярод тых, хто быў гатовы адказаць на гэтае пытаньне, многія назвалі працэсы ў справе аб’яднаньня Беларусі з Расеяй. Былі й іншыя адказы.

(Карэспандэнтка: ) “Якая падзея году мела для Беларусі гістарычнае значэньне?”

(Спадарыня: ) “Беларусь вельмі шмат страціла, таму што ўлетку 22 чэрвеня памёр Васіль Быкаў. І таму ў Беларусі стала менш магчымасьцяў даведацца аб мінулым. Вельмі шкада, што ня стала такога вядомага чалавека, нашага земляка”.

(Спадарыня: ) “У Беларусі толькі эканамічныя й палітычныя падзеі адыгрываюць асноўную ролю, а культурныя — гэта не галоўнае. На нашым жыцьці можа адбіцца пачатак аб’яднаньня з Расеяй”.

(Спадарыня: ) “Для Беларусі як гэты, так і мінулыя гады ёсьць толькі адна праблема — наш прэзыдэнт. Усё, больш праблемаў для Беларусі няма”.

(Спадар: ) “Нейкія зрухі ў аб’яднаньні Беларусі й Расеі. Мне так падаецца, наколькі я сачу за гэтым. Тупік быў, але цяпер мы нібыта ідзем да аб’яднаньня з Расеяй, бо безь яе нам нікуды ня дзецца”.

(Спадар: ) “Для мяне заўсёды найважнейшая падзея, каб захаваць незалежнасьць і пазбавіцца ад гэтага чалавека, які кіруе цяпер краінай”.

(Спадар: ) “Гэта наладжваньне адносінаў з Расеяй у накірунку расстаўленьня кропак над “і”, упарадкаваньня неясных пытаньняў. Раней ці пазьней — усё адно зьяднаюцца гэтыя дзьве краіны”.

(Спадар: ) “Можа, нешта зьвязанае са спортам. Неяк падзеі такія ня надта ўражваюць”.

(Спадарыня: ) “Для Беларусі гістарычнае значэньне… Мне падаецца, аб’яднаньне Расеі й Беларусі, якое ў нас так і не атрымалася. Гэта асноўная падзея”.

(Спадар: ) “Дзень Перамогі”.

(Спадар: ) “Апошняя вялікая падзея — кінафэстываль “Лістапад”. Ён лічыцца міжнародным, прайшоў арганізавана”.

(Спадарыня: ) “Складана, але ж нешта я нічога ня ведаю, што ў нас адбываецца. Нейкае балота, прабачце. Ня памятаю я яркіх падзеяў”.

Гэтак адказалі мінакі на менскіх вуліцах на пытаньне Радыё Свабода: “Якая падзея мінулага году мела для Беларусі гістарычнае значэньне?”
XS
SM
MD
LG