Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗЬНІЖКІ Ў КРАМЕ — ТОЛЬКІ ТЫМ, ХТО СЛУЖЫЦЬ УЛАДЗЕ”


Валянцін Жданко, Менск

Знаёмства з поштай апошняга тыдня пачну зь ліста Тацяны Барэль з Асіповічаў. Разам з допісам слухачка даслала заметку зь мясцовай газэты “Асіповіцкі край” пад красамоўнай назвай: “Членства ў БРСМ: і пачэсна, і выгадна”. Асіповіцкіх юнакоў і дзяўчат спакушаюць тым, што, калі яны ўступяць у пралукашэнкаўскі саюз, дык атрымаюць зьніжкі ў цырульні, аптэчных шапіках, фотасалёне ды кампутарным клубе. Тацяна Барэль з гэтай нагоды піша:

“Прачытала, і здрыганулася сэрца. Успомніліся цыганяты ў элекрычцы, што ходзяць ад чалавека да чалавека і нахабна патрабуюць: “Дай!”, не зарабіўшы і не купіўшы таго, што просяць. А атрымаўшы, зьбіраюць каля сябе ўвесь кагал. Аўтар заметкі ў раёнцы сьцьвярджае, што першаму сакратару Асіповіцкага райкаму БРСМ Ларысе Волкавай доўга ўгаворваць мясцовых бізнэсоўцаў нібыта не прыйшлося: тыя падалі чатыры пункты для льготнага абслугоўваньня новых “камсамольцаў”. Але гэты сьпіс у блізкім часе, як сьцьвярджае аўтар заметкі, абавязкова будзе пашыраны. Цікавая ідэалёгія! Хацелася б нагадаць гэтаму спадарству, што бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы.

А яшчэ мне ўспомнілася мая маладосьць, калі мы ўступалі ў камсамол, каб быць найлепшымі сярод будаўнікоў камунізму. А потым, уступіўшы, на камсамольскіх сходах спалі або разгадвалі крыжаванкі. Бо за нас усё было загадзя вырашана і пастаноўлена. Кіраўнікі тых сходаў часьцяком пілі, гулялі, езьдзілі па льготных пуцёўках за мяжу, на фэстывалі, атрымлівалі ў першую чаргу жыльлё... А астатнія спраўна плацілі ўнёскі, працавалі на ўдарных будоўлях, з агнём у сэрцы мерзьлі ў намётах. Тым, апошнім, і цяпер баліць сэрца за Беларусь, якая гіне, сьпіваючыся і выміраючы, зьнікае як краіна. Ім чужая ідэалёгія цыганятаў”, — напісала Тацяна Барэль з Асіповічаў.

Так, спадарыня Барэль, колішні камсамол не выпадае ідэалізаваць, там хапала прымусу, фармалізму, палітычных гульняў. Маладыя кар’ерысты спэкулявалі на рамантычных юнацкіх памкненьнях, эксплюатавалі маладзёвы энтузіязм. Але тады немагчыма было ўявіць, каб маладзёвую арганізацыю ператварылі ў камэрцыйную кампанію, разьлічаную на падахвочваньне спажывецкіх настрояў.

Цяперашні БРСМ улада стварае нібыта паводле тых жа, камсамольскіх схемаў, але да палітычнай кан’юнктуры дадае яшчэ і кан’юнктуру спажывецкую, нават не саромеючыся таго, што вабіць моладзь выключна карысьлівымі мэтамі. Ёсьць і аргумэнтацыя: у сёньняшніх умовах, калі моладзь мае магчымасьць бачыць сьвет і атрымліваць інфармацыю ня толькі з прэзыдэнцкага тэлебачаньня — спроба запрэгчы ўсіх у адны аглоблі і прымусіць дэманстраваць адданасьць уладзе — малаэфэктыўная, калі не падмацаваць яе матэрыяльным інтарэсам. Але гэта робіць такія намаганьні яшчэ больш цынічнымі.

Ліст ад Уладзімера Семяненкі з пасёлку Сокал Менскага раёну:

“Пішу вам упершыню. Мне 50 год, амаль аднагодак Свабоды. Былы пілёт грамадзянскай авіяцыі, цяпер на пэнсіі. Так атрымалася, што беларускую мову ў школе я не вывучаў, а вучыў яе самастойна, ужо ў сталым узросьце, слухаючы Свабоду і чытаючы беларускамоўны друк. Таму прашу прабачэньня за некаторыя памылкі”.

Свой ліст Уладзімер Семяненка напісаў у выглядзе звароту, як ён піша, “звычайнага грамадзяніна да сваіх суайчыньнікаў”. Гэта шчырая споведзь сталага чалавека, плён шматгадовага роздуму над лёсам краіны і народу. Назіраючы за тым, што адбываецца ў Беларусі, і аналізуючы ўбачанае, слухач сярод іншага прыходзіць да наступных высноваў і прапановаў:

“Хто сумуе па “моцнай руцэ”, “сталёваму парадку” (гэта дыктатурай завецца), хай яднаюцца і шыхтуюць самі сябе, як ім заўгодна: дзеля гэтага ім нават можна выдзеліць адзін ці колькі разваленых калгасаў і прадпрыемстваў. Тыя, хто прагне ўседазволенасьці (гэта анархіяй называецца), няхай таксама яднаюцца і гвалцяць самі сябе, калі ім гэта даспадобы (ім таксама хопіць разваленых калгасаў і прадпрыемстваў). Тыя ж, хто жадае выконваць запаветы Творцы і жыць у згодзе са сваім сумленьнем, працай і павагай адзін аднаго здабываючы сабе дабрабыт і лепшае жыцьцё (гэта і ёсьць сапраўдная дэмакратыя), няхай таксама яднаюцца, каб бараніць сябе ад першых і ад другіх. Каб усё гэта зьдзейсьнілася, трэба будаваць прававую дэмакратычную дзяржаву — дзяржаву роўных магчымасьцяў.

Пры гэтым безь беларускасьці ў гэтай краіны, як краіны будучыні няма. Таму заклікаю ўлады спыніць гвалт над уласным народам, не рабіць намаганьняў дзеля падаўжэньня ўладных паўнамоцтваў, пакаяцца і саступіць месца тым, каго абярэ народ”, — напісаў былы лёчтык Уладзімер Семяненка з пасёлку Сокал Менскага раёну.

Усе вашыя, спадар Семяненка, працяглыя развагі агучыць няма магчымасьці, але я зь імі зь цікавасьцю пазнаёміўся. Думаю, пад вашым зваротам маглі б падпісацца многія людзі, якія жывуць паводле сумленьня і хрысьціянскіх запаветаў, якія на падставе ўласнага жыцьцёвага досьведу прыйшлі да высновы, што без дараваньня і пакаяньня шлях да праўды закрыты. Праблема ў тым, што словы тых, хто гэта ўсьвядоміў, найчасьцей ня чуюць людзі, якім гэтыя словы адрасаваныя. Асабліва гэта датычыць палітыкаў, у чыіх руках сёньня неабмежаваная ўлада, і яны, як і многія іхныя папярэднікі, жывуць у палоне ілюзіі, што гэтак будзе заўсёды.

Ліст ад інжынэра Міхаіла Лысевіча зь Ліды. Слухач піша:

“Нам зусім ня варта чакаць варыянту Тбілісі. Мы маем варыянт Баку, і будзем мець яго да апошняга. Выбачайце, але пан з паноў — пан, а пан з хамаў — хам. Тое, што маем мы, усе бачаць. Цяпер — што да паводзінаў апазыцыі і тых, хто выступае ад яе імя. Спадарства, вы павінны выкрасьліць са свайго лексыкону ўсялякія абразы на адрас Лукашэнкі і яго памагатых. Вы павінны пазбавіцца фанабэрыі, дваістасьці ў выказваньнях і дзеяньнях. Ня варта казаць так, як часам гаворыць спадар Пазьняк, абражаючы сваіх апанэнтаў (як уладных, так і апазыцыйных), таго не заўважаючы, на жаль, што перш за ўсё ён абражае сябе і свае ідэалы, ідэалы незалежнай, вольнай і дэмакратычнай Беларусі. Ня трэба, спадарства, таемнасьці ў палітычным змаганьні з рэжымам, бо ўсё таемнае рана ці позна становіцца вядомым і будзе выкарыстанае не на вашу карысьць. Ніколі помста, хамства і хлусьня не перамагалі. Рана ці позна яны пацерпяць паразу”.

На мінулым тыдні, спадар Лысевіч, мне ўжо даводзілася адказваць на лісты некалькіх нашых слухачоў, якія разважалі пра тое, ці можа паўтарыцца ў Беларусі грузінскі варыянт зьмены ўлады. Выкарыстаць той досьвед ва ўмовах сёньняшняй Беларусі апазыцыі наўрад ці ўдасца. Вельмі ўжо непараўнальныя ўмовы ў дзьвюх краінах. Грузінская апазыцыя была сыстэмнай, а ўлада прэзыдэнта Шэварднадзэ ў Грузіі — зусім не такой неабмежаванай і бескантрольнай, як улада Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі.

Што да лаянкі, зьнявагаў і абразаў, як прыёмаў у палітычнай дыскусіі, то вы, спадар Лысевіч, безумоўна, маеце рацыю: той палітык, які карыстаецца гэтымі спосабамі, паказвае гэтым найперш уласны інтэлектуальны і маральны ўзровень. І рана ці позна яму за гэта давядзецца разьлічвацца.

Наш даўні слухач, былы партызан Віктар Скараход зь Менску адказаў у сваім лісьце на адно з пытаньняў тыдня, якое мы задавалі сваім слухачам на вуліцы. Ці варта судзіць камунізм? Віктар Скараход адказвае гэтак:

“Я бы сфармуляваў пытаньне крыху інакш: ці варта судзіць савецкую ўладу? А судзіць яе варта і неабходна. Бо гэта была ўлада жулікаў-падманшчыкаў ды гвалтаўнікоў у дзяржаўным маштабе. На пачатку 20 стагодзьдзя бальшавікі запудрылі мазгі многім мільёнам беднаты, што яна нібыта адразу стане багатая, калі толькі адбярэ матэрыяльныя каштоўнасьці ў багатых. Што бедната і зрабіла. Толькі стала гэтая ўласнасьць, так бы мовіць, “агульная”, а ў сапраўднасьці — нічыя. Яе пазбавіліся як фабрыкант з заводчыкам, так і селянін-серадняк у вёсцы, і саматужнік-шавец, кравец, каваль зь мястэчка. Адабраўшы ўласнасьць, чалавека зрабілі нікчэмнасьцю, цалкам залежным ад чыноўніка.

А што сталася з тымі, хто выклікаў падазрэньні ў бальшавіцкай улады? Я асабіста бачыў і памятаю рэпрэсаваных з маёй роднай Слабады і амаль усіх іншых вёсак Бягомельшчыны, бо быў сьведкам той усеагульнай кампаніі вынішчэньня найлепшых прадстаўнікоў нацыі. Апроч таго, я месяц працаваў у абласным архіве, складаючы “Індэкс рэпрэсаваных” Бягомельскага раёну.

Як прыгледжуся, дык тыя дзікія часы паўтараюцца на нашай зямлі і сёньня: даюцца падманныя абяцанкі; нацыя пазбаўляецца нацыянальнай школы; народ правакуюць на зьнішчэньне роднай мовы; у сродках масавай інфармацыі пануе толькі адна думка; вядомыя палітыкі, як і ў 1937 годзе, бясьсьледна зьнікаюць. Адна розьніца — што тады іх зьнішчалі галосна, ахрысьціўшы “ворагамі народу”.

Гэтыя вашыя высновы, спадар Скараход, асабліва каштоўныя таму, што іх робіце вы — чалавек, на вачах якога прайшла большая частка 20 стагодзьдзя, які мае поўнае маральнае права даваць уласную ацэнку таму трагічнаму адрэзку нацыянальнай гісторыі. Многія вашыя аднагодкі і сёньня застаюцца пад чырвонымі сьцягамі, выносяць на дэманстрацыі партрэты Сталіна. Гэта, сапраўды, нялёгкі грамадзянскі ўчынак: цьвяроза асэнсаваць перажытае, прызнаць уласныя памылкі, крытычна пераацаніць учынкі тых правадыроў, якіх лічылі бязгрэшнымі й геніяльнымі.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Марціновіч з Баранавічаў і Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG