Элеанора Язерская ўпэўненая, што яе хвароба была выкліканая нэрвовым стрэсам з прычыны рашэньня судовай калегіі Менскага гарадзкога суду аб спагнаньні 3 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за абразу гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі на карысьць старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова. Падставай стала яе інтэрвію двухгадовай даўніны карэспандэнтцы “Народнай волі” Марыне Коктыш, у якім яна скрытыкавала дзейнасьць Ягора Рыбакова.
(Язерская: ) “Я думаю, што гэта ад вялікага стрэсу, які я атрымала два тыдні таму, калі адбыўся гарадзкі суд. Ні адзін адвакат не сказаў мне, што гарадзкі суд можа так падвысіць гэтую суму пазову. Я была такая зьбянтэжаная і ў такім смутку, што я проста на два тыдні закрылася ў сваёй кватэры. Я нікуды не выходзіла, я нікога не хацела бачыць. Я была дома, і вось давяла сябе да такога стану”.
Элеанора Язерская пазьбягае размоваў пра працяг судовага працэсу над ёй і газэтай ”Народная воля”, бо для яе гэта надта балючая тэма. Нагадаю, што “Народнай волі” прысудзілі заплаціць на карысьць Ягора Рыбакова 50 мільёнаў рублёў. А цяпер старшыня Менскага гарадзкога суду Міхаіл Ардзяка прыняў рашэньне спыніць выкананьне рашеньня судовай калегіі Менскага гарадзкога суду. І многія адзначаюць, што такое рашэньне магло быць прынятае ў тым ліку і з прычыны хваробы Элеаноры Язерскай.
Дарэчы, Элеанора Язерская трапіла ў шпіталь упершыню ў жыцьці:
(Язерская: ) “Я вельмі ўдзячная лекарам 3-й клінічнай гарадзкой больніцы, якія проста вярнулі мяне з таго сьвету. Тут працуюць энтузіясты. Сёньня быў такі сьмешны выпадак. Зайшла сястра, якая была на апэрацыі, і гаворыць, што “сёньня вы, Элеанора ўжо падобныя на сябе. А тады, калі вы ляжалі на апэрацыйным стале, то я б ніколі не сказала, што гэта тая Элеанора Язерская”.
Да яе ў рэанімацыю пускаюць пакуль толькі самых блізкіх людзей — сястру і яе сябра Віталія Жукава. Загадчык хірургічнага аддзяленьня 3-й клінікі Мікалай Сівец, які рабіў апэрацыю Язерскай, кажа, што стан здароўя тэлевядоўцы здавальняючы і яе хутка перавядуць з рэанімацыі ў хірургічнае аддзяленьне.
(Сівец: ) “Прагноз аптымістычны, адназначна. Сёньня ў мяне няма хваляваньняў за яе жыцьцё. Плянуецца, што сёньня мы забярэм апошні дрэнаж з зоны апэрацыі, і мы маглі бы ўжо забраць яе сёньня ў аддзяленьне, але ёй падабаецца знаходзіцца ў рэанімацыі. Ну, крыху хвалюецца яна за свой стан, як любы чалавек. Надзея на тое, што ўсё будзе добра, адназначна ёсьць”, — распавёў Радыё Свабода загадчык хірургічнага аддзяленьня 3-й клінікі Мікалай Сівец.
Калі я сыходзіла з аддзяленьня рэанімацыі, Элеанора Язерская папрасіла перадаць некалькі словаў праз нашае радыё.
(Язерская: ) “Я ўдзячная Радыё Свабода за цікавасьць да сваёй асобы. Будзьце ўсе шчасьлівыя і здаровыя, і каб не было ў вас ніякіх стрэсаў — ні ў тых, хто робіць праграмы, ні ў тых, хто гэтае выдатнае радыё слухае”.