Спадар Пургурыдэс сустрэўся зь міністрам інфармацыі Беларусі Ўладзімерам Русакевічам, які пры канцы мінулага тыдня стаў аб’ектам крытыкі з боку амбасадараў краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Нагадаю, што ў заяве ад імя Эўразьвязу ды краінаў-кандыдатаў на далучэньне да гэтай арганізацыі, у тым ліку Кіпру, які прадстаўляе спадар Пургурыдэс, была выказаная заклапочанасьць пагаршэньнем сытуацыі са сродкамі масавай інфармацыі.
Спадара Русакевіча папракнулі тым, што ад чэрвеня міністар інфармацыі Беларусі ўхіляецца ад сустрэчы з эўрапейскімі дыпляматамі ў Менску. У нядзельным інтэрвію Радыё Свабода Хрыстас Пургурыдэс хаця й падкрэсьліў, што свае высновы наконт свабоды слова ў Беларусі ён зробіць пазьней, але таксама заявіў, што сытуацыя са сродкамі масавай інфармацыі ня ёсьць здавальняючай. Што да зьместу размовы зь беларускім міністрам інфармацыі, дык спадар Пургурыдэс быў ляканічны:
(Пургурыдэс: ) “Мы абмеркавалі зь ім агульныя пытаньні сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. Ці задаволены я гэтай сустрэчай — гэта будзе ў маёй справаздачы”.
Як стала вядома, Хрыстас Пургурыдэс — юрыст паводле адукацыі — вельмі зацікавіўся 33-м артыкулам Канстытуцыі Беларусі, які забараняе манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі. Таксама ён пазнаёміўся з заявамі, зробленымі Аляксандрам Лукашэнкам на адмысловай нарадзе ў пятніцу, прысьвечанай працы дзяржаўных тэлеканалаў.
Спадар Пургурыдэс паведаміў, што міністар інфармацыі паабяцаў яму накіраваць праект новага закону “Аб друку ды іншых сродках масавай інфармацыі”, але калі гэта будзе зроблена — Уладзімер Русакевіч не сказаў. Апрача сустрэчы з апошнім, пасланец Рады Эўропы кантактаваў сёньня зь віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым ды іншымі дэпутатамі. Увечары Хрыстас Пургурыдэс сустрэўся з шэрагам беларускіх журналістаў і замежных дыпляматаў, якія працуюць у Менску.