Большасьць маіх суразмоўцаў праблема СНІДу непакоіць, і яны засьцерагаюцца ад хваробы. Але гэта пераважна людзі маладога і сярэдняга веку. Многія людзі старэйшага пакаленьня пагрозу ВІЧ-інфэкцыі ня лічаць для сябе сур’ёзнай. Вось тыповыя адказы на пытаньне: “Ці засьцерагаецеся вы ад СНІДУ?”:
(Хлопец: ) “Найлепшая засьцярога — гэта, відаць, быць пастаянна з адным чалавекам, наркотыкаў не ўжываць”.
(Дзяўчына: ) “Так, засьцерагаюся. Заразіцца СНІДам можна па-рознаму. Патрэбная гігіена, засьцерагацца падчас полавых сувязяў”.
(Пэнсіянэр: ) “Не для майго ўзросту гэтыя пытаньні. Я ўжо пэнсіянэр — гэта не для мяне”.
(Спадарыня: ) “Ну, пэўна ж стараюся — як магу. Шпрыцы павінны быць аднаразавыя ў паліклініках і шпіталях, ну, і індывідуальныя сродкі”.
(Хлопец: ) “Нейкім чынам засьцерагаюся. Ня маю сувязяў зь людзьмі, якія належаць да групы рызыкі”.
(Спадарыня: ) “Я проста люблю свайго мужа, жыву толькі зь ім, больш ні з кім”.
(Спадарыня: ) “Абавязкова. Я цяпер увогуле не жыву полавым жыцьцём. Я супраць СНІДУ”.
(Дзяўчына: ) “Пэўна, трэба памятаць, каб рэчы былі прадэзінфікаваныя”.
(Спадар: ) “Я такімі згубнымі справамі не займаюся, у мяне ёсьць сям’я”.
(Хлопец: ) “Пэўна засьцерагаемся. Набываем прэзэрватывы і абіраем партнэра. Намагаемся не заразіцца”.
(Спадар: ) “Абавязкова засьцерагаюся. Бясьпечны сэкс, прэзэрватывы, сталы полавы партнэр”.
(Спадар: ) “Шчыра кажучы, для мяне такой праблемы няма. Я добры сямейнік, жыву з жонкай. Але ніхто не застрахаваны ў мэдычных установах ад гэтага. Там якая бясьпека? Я кантралюю, каб пры ўзяцьці крыві на аналіз карысталіся аднаразовым інструмэнтам. У мяне таксама дарослая дачка. І прыходзіцца сачыць, каб не ўжывала наркотыкаў. Пакуль мне гэта ўдаецца. Таму для мяне й маёй сям’і асаблівай небясьпекі няма”.
(Дзяўчына: ) “Нас гэта пакуль ня тычыцца. Але калі прыйдзецца, то абавязкова будзем засьцерагацца ўсімі магчымымі спосабамі”.
(Яе сяброўка: ) “Я таксама буду засьцерагацца. Гэта вельмі страшная хвароба, усе павінны пра гэта ведаць і разумець”.
Гэткія адказы мінакоў на пытаньне: “Ці засьцерагаецеся вы ад СНІДУ?”