Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШВЭЦЫІ ВЫЙШЛА КНІГА, ПРЫСЬВЕЧАНАЯ РАЗЬВІЦЬЦЮ ПАЛІТЫЧНАЙ СЫТУАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ АД 1991 ГОДУ ДА ЦЯПЕРАШНЯГА ЧАСУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

(Карэспандэнт: ) Спадар Люнгваль, сам назоў вашай кнігі “Кантроль: справаздача зь Беларусі”, на мой погляд, даволі адназначна арыентуе чытача што да яе зьместу. Чаму вы назвалі кнігу менавіта так?

(Люнгваль: ) “На пачатку я хацеў назваць сваю кнігу іначай, штосьці накшталт “Краіна, якая заблудзіла”. Аднак пасьля таго, як я наведаў Беларусь некалькі разоў, маё уяўленьне пра тое, што робіцца ў гэтай краіне, зьмянілася. Сказаць, што Беларусь заблудзіла, было б непаразуменьнем, бо большасьць палітычных зьменаў у гэтай краіне робяцца не памылкова, але наўмысна. Таму прысутнасьць слова “кантроль” у назове больш адпавядае зьместу кнігі”.

(Карэспандэнт: ) Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра зьмест кнігі.

(Люнгваль: ) “Кніга амаль цалкам прысьвечаная беларускай палітыцы. Я апісваю пэрыяд ад атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці да выбараў 1994 году, потым працэс канцэнтрацыі ўлады, разгон Вярхоўнага Савету, зьмены ў галіне палітыкі, эканомікі ды іншых сфэрах. Ёсьць разьдзелы прысьвечаныя прэзыдэнцкім выбарам 2001 году, парушэньням правоў чалавека, зьніклым палітыкам, апазыцыі. У кнізе падаецца таксама партрэт цяперашняга беларускага кіраўніка. Ня толькі палітычны”.

(Карэспандэнт: ) Выглядае, што цягам апошніх некалькіх гадоў, швэдзкія палітыкі, а таксама недзяржаўныя арганізацыі зьвярталі даволі значную ўвагу на падзеі ў Беларусі. Але ці ёсьць цікаўнасьць да падзеяў у Беларусі ў звычайных швэдаў?

(Люнгваль: ) “Канешне, беларуская тэма, мабыць, ня самая папулярная ў Швэцыі, але ў нашай краіне ёсьць людзі, і іх даволі шмат, якія цікавяцца падзеямі ў Беларусі, у тым ліку і разьвіцьцём палітычнай сытуацыі”.

(Карэспандэнт:) А як, на вашую думку, выглядае палітычная сытуацыя ў Беларусі? Вы шмат пішаце пра гэта ў кнізе.

(Люнгваль: ) “На маю думку, сытуацыя ў Беларусі ўвесь час пагаршаецца. Некалькі тыдняў таму я быў у Менску і бачыў у тэлевізіі сьвяткаваньне ўгодкаў заснаваньня камсамолу, які цяпер адраджаецца ў Беларусі пад іншым назовам. Абсалютна відавочна, што старыя савецкія сымбалі, старая савецкая рыторыка вяртаюцца. Гэта адначасова выглядае абсурдна і пужае”.

(Карэспандэнт:) Як мы ўжо адзначалі трохі раней, швэды апошнім часам даволі актыўна цікавяцца падзеямі ў Беларусі, але ці спрабуе афіцыйны Стакгольм нейкім чынам уплываць на іх?

(Люнгваль: ) “На маю думку, на сёньняшні дзень ніводная з эўрапейскіх краінаў, на жаль, не ўплывае на сытуацыю ў Беларусі. Так, швэдзкія арганізацыі займаюцца некаторымі навучальнымі праграмамі, робяць шмат карысных праектаў у Беларусі, але гэта не азначае нейкі ўплыў”.

(Карэспандэнт: ) Вернемся да зьместу вашай кнігі. Даволі шмат увагі ў ёй нададзена выбарам 1994 году, якія, паводле шматлікіх меркаваньняў, сталіся пачаткам канца дэмакратычнай адлігі ў Беларусі. Як вы тлумачыце сваім чытачам тагачасную паразу дэмакратычных сілаў?

(Люнгваль: ) “Тут маё меркаваньне нельга назваць занадта арыгінальным. Вы памятаеце, хто браў удзел у прэзыдэнцкіх выбароах 1994 году. Як мне падецца, тады Лукашэнка ня меў сур’ёзнай канкурэнцыі. Кебіч быў прадстаўніком старога, ня вельмі ўжо папулярнага, стылю кіраваньня. А галасы выбарцаў, якія выступалі за дэмакратычнае разьвіцьцё Беларусі, на жаль, аказаліся падзеленыя паміж дэмакратычнымі кандыдатамі – Пазьняком і Шушкевічам”.

(Карэспандэнт: ) Спадар Люнгваль, шмат увагі ў кнізе вы надаяце і прэзыдэнцкім выбарам 2001 году і развагам над тым, чаму яны скончыліся так, як скончыліся. А якія вашыя прагнозы на наступныя выбары кіраўніка краіны ў Беларусі?

(Люнгваль: ) “З майго пункту гледжаньня – чалавека, які не жыве ў Беларусі, пра прэзыдэнцкія выбары думаць яшчэ рана. Цяпер асноўную ўвагу трэба зьвярнуць на выбары парлямэнцкія”.

(Карэспандэнт: ) Тады што б вы параілі беларускай апазыцыі ў сувязі з хуткімі парлямэнцкімі выбарамі?

(Люнгваль: ) “Можа гэта будзе выглядаць трохі нясьціпла – даваць парады беларускай апазыцыі на хвалях Радыё Свабода. Але я ўжо й так зрабіў гэта ў кнізе, таму паўтаруся. Апазыцыйныя партыіі стварылі кааліцыю, і гэта вельмі добра. Але часам, калі ствараецца нешта такое, ёсьць небясьпека, што асобныя часткі аб’яднаньня забудуцца на свае абавязкі. Маўляў, у такой грамадзе зробіць за мяне нехта іншы. Таму, як мне падаецца, нягледзячы на кааліцыі, трэба памятаць пра свой кавалак працы”.

(Карэспандэнт: ) Распаўсюджанае меркаваньне, што сытуацыя ў Беларусі можа зьмяніцца толькі тады, калі адыйдзе старое пакаленьне і гаспадарыць у краіне пачне цяперашняя моладзь. Што вы думаеце ў гэтай справе?

(Люнгваль: ) “Гэта праўда – цяперашнія маладыя людзі не жылі ў савецкай сыстэме. Яны маюць іншыя каштоўнасьці і больш падобныя да маладых людзей у Заходняй Эўропе. І гэта, безумоўна, добра. Але я б не хацеў недаацэньваць старэйшае пакаленьне. На маю думку, гэтых людзей нельга лічыць як бы страчанымі для пераменаў. Гэта ня так”.

(Карэспандэнт: ) Існуе таксама стэрэатып пра наздвычайную памяркоўнасьць беларусаў, якія з-за гэтай асаблівасьці нацыянальнага характару якбы няздатныя на стварэньне самастойнай дзяржавы ці на нейкі сур’ёзны супраціў. Што вы думаеце пра гэта, спадар Люнгвалль?

(Люнгваль: ) “На маю думку, пераважная большасьць такіх меркаваньняў – гэта нонсэнс. Так, беларусы паводле сваёй мэнтальнасьці сумленныя і звычайна не правакуюць канфліктных сытуацыяў. Але такія самыя і швэды! Абодвум нашым народам уласьцівая павага да ўладаў. На маю думку, гэтыя рысы вельмі добрыя і прыдатныя ў нармальнай краіне. Можа яны ў пэўным сэнсе перашкаджаюць наважыцца на рэзкія перамены, але калі ў краіне будзе нармалёвая сытуацыя, гэтыя рысы беларускага нацыянальнага характару напэўна добра паслужаць дзяржаве”.

(Карэспандэнт: ) У часе працы над кнігай вы шмат разоў наведвалі Беларусь. Як вы пачуваліся ў гэтай краіне?

(Люнгваль: ) “Мне падаецца, што да мяне ставіліся даволі прыязна. Беларусы вельмі ветлівыя і заўсёды гатовыя дапамагчы. Часам гавораць, што ў беларусах глыбока сядзіць савецкая мэнтальнасьць. У некаторых выпадках гэта можа й так, але калі на вуліцы беларускага гораду ўсьміхнесься мінаку, ён абавязкова ўсьміхнецца табе ў адказ і пастараецца дапамагчы, як толькі можа. Мае падарожжы ў Беларусь заўсёды даволі прыемныя”.

(Карэспандэнт: ) Спадар Люнгваль, ад моманту, калі Вы скончылі пісаць кнігу, а гэта было недзе напрыканцы лета, мінуў пэўны час. Шмат чаго адбылося і ў Беларусі. Ці не хацелі б Вы цяпер дадаць што-небудзь да зьместу кнігі?

(Люнгваль: ) Напэўна не. Усё, што напісана ў кнізе, актуальнае дагэтуль. Да лепшага пераменаў пакуль няма. Напярэдадні я наведаў Белаазёрск, дзе былі паўторныя мясцовыя выбары. Выбарчы працэс выглядаў яшчэ горш, чым у сакавіку, калі былі асноўныя выбары. Таму, на жаль, нічога аптымістычнага пра апошнія падзеі ў Беларусі да сваёй кнігі я б не дадаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG