Зьяўленьне альтэрнатыўнага ўрадаваму законапраекту для Палаты прадстаўнікоў – унікальны выпадак. Адзін з распрацоўшчыкаў парлямэнцкага законапраекту старшыня Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгі Бадзей кажа, што ў адрозьненьне ад урадавага альтэрнатыўны законапраект увогуле не прадугледжвае пераходу Беларусі на адзіную з Расеяй валюту.
Ва ўрадавым праекце гэтага закону, ухваленым Саўмінам 23 лістапада, гаворыцца не пра аб’яднаньне з Расеяй у мітычную Саюзную дзяржаву, а пра “стратэгічнае партнэрства з Расеяй”. Урадавы варыянт прадугледжвае правядзеньне ўзгодненай з Расеяй эканамічнай палітыкі, уніфікацыю грамадзянскага заканадаўства, увядзеньне адзінай грашовай адзінкі. Пра непасрэдны пераход Беларусі менавіта на расейскі рубель тут таксама гаворкі няма.
Георгі Бадзей кажа пра неажыцьцяўляльнасьць плянаў стварэньня саюзнай дзяржавы:
(Бадзей: ) “Гэта проста ў мяне ня ўкладваецца, што і Расея і Беларусь будуць самастойнымі ў гэтай саюзнай дзяржаве. А вось інтэграцыя эканомік дзвюх краінаў у праекце закону прадугледжваецца. Але хацелася б, каб беларуская эканоміка сёньня глядзела ня толькі на Ўсход, але і на Захад”.
Што да кароткатэрміновых плянаў, то апазыцыйныя дэпутаты востра крытыкуюць урад за позьнюю перадачу на разгляд праекту бюджэту на наступны год. Дэпутаты атрымалі яго толькі ў мінулую пятніцу, а апошняе паседжаньне Палаты прадстаўнікоў заплянаванае на 19 сьнежня, так што яго давядзецца прымаць у сьціслыя тэрміны,– гаворыць прадстаўнік групы “Рэспубліка” Уладзімір Парфяновіч:
(Парфяновіч: ) “Дадзены бюджэт – гэта не бюджэт разьвіцьця і прагрэсу, а бюджэт баязьліўцаў і крывадушнікаў, якія наступаюць на горла свайму сумленьню і прафэсійнаму гонару дзеля таго, каб захаваць свае пасады”.
Уладзімір Парфяновіч зазначыў, што дэфіцыт бюджэту будзе складаць 690 мільярдаў, да нэгатыўных ягоных асаблівасьцяў адносіцца і тое, што праект бюджэту на 2004 год прадугледжвае скарачэньне фінансаваньня на сацыяльную абарону грамадзянаў на 15 адсоткаў, а дапамога шматдзетным сем’ям увогуле будзе недафінансаваная на 38 адсоткаў.
Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Леанід Дзямідаў абвергнуў гэтую крытыку, зазначыўшы, што доля затратаў бюджэту на сацыяльную сфэру захаваецца на ранейшым узроўні:
(Дзямідаў: ) “Тут наадварот напэўна трэба казаць, што занадта сацыяльным зьяўляецца бюджэт, ён ёсьць бюджэтам праяданьня, а не развіцьця”.
Акрамя таго, праграма разьвіцьця эканомікі на будучы год прадугледжвае даходы ад прыватызацыі ў памеры 100 мільярдаў рублёў. Гэта значыць, што ўрад не разлічвае прадаваць “Белтрансгаз” і гіганты нафтахіміі расейскім кампаніям.