Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТУ ЛІТВЫ ПАГРАЖАЕ ІМПІЧМЭНТ


Тацяна Поклад, Вільня

Парлямэнцкая камісія канстатавала, што прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас праз свае сувязі і кантакты “быў і застаецца слабым перад зьнешнімі ўплывамі”, і гэта пагражае дзяржаўнай бясьпецы. Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенства BNS са спасылкай на старшыню камісіі Алаізаса Сакаласа. Ён заявіў, што дадзеных дастаткова для таго, каб неадкладна магла пачацца працэдура імпічмэнту.

Адмысловая парлямэнцкая камісія (у складзе 9 дэпутатаў) на працягу месяца дасьледавала скандальныя сувязі прэзыдэнтуры са злачыннымі групоўкамі і сёньня на закрытым паседжаньні прыняла выніковы дакумэнт з высновамі на 10 старонках. За высновы прагаласавалі 7 сябраў камісіі, супроць – адзін, і адзін устрымаўся. На наступны дзень, у аўторак, высновы будуць абвешчаныя на пленарным паседжаньні Сойму – парляманту Літвы.

Паводле высноваў камісіі, прэзыдэнта закранаюць сувязі яго атачэньня са злачынным сьветам, працёк інфармацыі з прэзыдэнтуры (у якім абвінавачваецца і сам прэзыдэнт), а таксама сувязі самога прэзыдэнта зь фінансавым спонсарам ягонай перадвыбарчай кампаніі бізнэсоўцам Юрыем Барысавым, які мае дачыненьне да нелегальнага гандлю зброяй з Суданам.

Паводле высноваў камісіі, Ю.Барысаў меў вялікі ўплыў на прэзыдэнта. Адносна гэтых сувязяў прэзыдэнт Літвы яшчэ павінен будзе даваць тлумачэньні сябрам Канстытуцыйнага суду на гэтым тыдні.

Камісія мае дадзеныя пра тое, што кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі 17 сакавіка папярэджваў прэзыдэнта адносна Ю.Барысава і перадаў яму запісы пяці тэлефонных размоваў, аднак прэзыдэнт у той самы дзень сустрэўся зь Ю. Барысавым і паведаміў яму, што ягоны тэлефон праслухоўваецца.

Прэзыдэнт адмовіўся асабіста адказаць на пытаньні парлямэнцкай камісіі, якая дасьледавала скандал.

Старшыня парлямэнцкай камісіі А.Сакалас паведаміў, што адзначаюцца парушэньні канстытуцыі з боку прэзыдэнта, а гэта – падстава для імпічмэнту. За працэдуру імпічмэнту выказаліся ўжо прадстаўнікі кіруючай сацыял-дэмакратычнай партыі, а таксама фракцыя лібэралаў і цэнтрыстаў ды апазыцыйныя партыя кансэрватараў.

Каб распачаць працэдуру імпічмэнту, неабходная падтрымка 36 парлямэнтароў (усяго ў Сойме Літвы 141 дэпутат). Адстаўка прэзыдэнта магчымая, калі “за” прагаласуюць ня менш за 85 дэпутатаў.

Апошнім часам у Літве адбываліся пікеты і дэманстрацыі і ў падтрымку цяперашняга прэзыдэнта, і – больш масавыя – з патрабаваньнем ягонай адстаўкі. Учора, у нядзелю, у Вільні блізу 5 тысячаў чалавек патрабавалі адстаўкі Раландаса Паксаса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG