Паводле прэсавай службы кіраўніка дзяржавы, Аляксандар Лукашэнка абмежаваўся выказваньнем, што павінен існаваць парытэт паміж расейскаарыентаванай і беларускамоўнай аўдыторыямі.
Моўнага парытэту тэлевізіі дзьвюхмоўнай краіны акурат і бракуе: беларуская мова імкліва зьнікае з эфіру. Гэтую тэндэнцыю адзначаюць найперш людзі, якія раней працавалі на Беларускай тэлевізіі. Былы дырэктар праграмаў БТ Эдуард Мельнікаў кажа, што калісьці пытаньне беларускай мовы ў эфіры было бясспрэчным. Адзіным выключэньнем на карысьць расейскай была сытуацыя, калі падзею камэнтуе госьць праграмы, які не валодае беларускай мовай. Журналісты і дыктары вялі перадачы толькі па-беларуску.
(Мельнікаў:) "Тут парадаксальная сытуацыя. Калі Лукашэнка казаў на нарадзе, што не задаволены беларускім тэлебачаньнем, то насельніцтва такім тэлебачаньнем гэтаксама не задаволенае. Але зусім зь іншых прычынаў. Само сабой зразумела, што нацыянальнае тэлебачаньне павінна мець зносіны з насельніцтвам сваёй краіны на роднай, беларускай мове. Але пытаньне складанае, паколькі ў нас дзьвюхмоўе. Акрамя таго, амаль усё, што ідзе ў эфіры — замежнае, свайго няма нічога, а ўсе сродкі цяпер укладаюцца ў АТН, гэткі своеасаблівы "ідэалягічны спэцназ". Адна з умоваў пасьпяховага ўзьдзеяньня на падсьвядомасьць — уплываць на яе новай інфармацыяй. Таму амаль удвая павялічылі эфірны час інфармацыйных выпускаў, аздобіўшы іх нейкімі камэнтарамі і г.д. Усё гэта невыпадкова".
Сёньня беларускі тэлеэфір ужо складаецца з чатырох каналаў– "Першага нацыянальнага", ОНТ, СТВ і "Ладу". ОНТ і СТВ вяшчаюць толькі па-расейску, а зь "Першага нацыянальнага" культурніцка-арыентаваныя перадачы ці зьнікаюць назаўсёды, ці перамяшчаюцца на канал "Лад". Папулярная праграма "Алхімія слова", аўтар якой – малады журналіст Алесь Матафонаў, ад новага году гэтаксама пераяжджае на "Лад". Сярод тых, хто возьме ў ёй удзел бліжэйшым часам – Адам Глобус, Сяргей Панізьнік, Міхась Скобла і іншыя. Алесь кажа, што "Лад", бадай, адзіны тэлеканал, дзе кіраўніцтва станоўча ставіцца да беларускамоўных праектаў. Іншая справа, што гэткіх прапановаў няшмат.
(Матафонаў:) "Тое, што бракуе перадачаў па-беларуску – гэта праблема ня столькі кіраўніцтва каналу, колькі тых аўтараў, якія робяць перадачы. Калі я заяўляю перадачу па-беларуску, дык яна і будзе ісьці на гэтай мове, ніхто ня будзе яе перарабляць".
(Карэспандэнт:) Ці азначаюць апошнія тэндэнцыі, што журналістам на беларускім тэлебачаньні больш зручна працаваць з расейскай мовай?
(Матафонаў:) "Тут, хутчэй, чалавечы фактар. Кожны выбірае тое, што прасьцей, да чаго ён прыстасаваўся. Перадачы, якія выходзяць па-расейску, мы падсьвядома параўноўваем з праграмамі расейскіх каналаў. Аб'ектыўна яны саступаюць у якасьці, і беларускай мовы ў гэтым сэнсе якраз не хапае. Калі казаць пра сваю праграму "Алхімія слова", то яе глядзела шырокае кола гледачоў, бо яе ставілі перад "Калыханкай". Дзеці шмат маглі і не зразумець, але ў любым выпадку яна станоўча на іх уплывала. На Першым нацыянальным канале беларускай мовы паменела, хоць ён сапраўды сёньня ёсьць першым афіцыйным інфарматарам краіны".
Выглядае, што ў Беларусі сёньня няма дакладна акрэсьленай моўнай палітыкі тэлевізіі. Між тым, існуе і досьвед нацыянальнага вяшчаньня ў былым СССР, і міжнародны досьвед. Так, у Фінляндыі, дзе, як і ў Беларусі, дзяржаўны статус маюць дзьве мовы (фінская і швэдзкая), праблема іх парытэту вырашаецца двума спосабамі. Па-першае, ёсьць моўнае разьмежаваньне па каналах. Таксама існуе практыка, калі ў часе фінскамоўнай праграмы ўнізе экрана ідуць швэдзкія тытры. І – наадварот. Гэтае патрабаваньне тычыцца ня толькі выпускаў навінаў.