Спартовы самалёт 22 лістапада знайшоў паляўнічы ў лясной балоцістай мясьціне, ад якой ня вельмі далёка да літоўскай мяжы. Распачатая крымінальная справа адносна “парушэньня правілаў бясьпекі руху” ці—“эксплюатацыі, у дадзеным выпадку, паветранага транспарту”.
Пракурор транспартнай пракуратуры Вячаслаў Шэцік паведаміў наступнае. Вызначана, што самалёт, які разьбіўся непадалёк ад вёскі Дубінка – менавіта той, які 29 сакавіка сёлета вылецеў у невядомым напрамку зь літоўскай тэрыторыі і зьнік. Пад сподам фюзэляжу была прымацаваная шыльдачка зь вельмі трывалага мэталу, на якой пазначаныя нумары рухавіка і самога фюзэляжу. Гэтая шыльдачка захавалася.
У Літве адносна пілёта – 25-гадовага Тадаса Валкаўскаса – была распачатая крымінальная справа, зьвязаная з наркотыкамі. Аднак сьцьвярджаць, што ён – адна з трох ахвяраў авіякатастрофы, пакуль нельга. Сам ён мог стаць ахвярай раней, а самалёт маглі сагнаць. Ідэнтыфікацыя знойдзеных пры самалёце людзкіх парэштак можа зацягнуцца месяцы на тры, сказаў пракурор Вячаслаў Шэцік. Трэба зрабіць складаныя аналізы, атрымаць зь Літвы мэдычную карту пілёта. А ўсе кантакты адбываюцца на ўзроўні міністэрстваў замежных справаў і генэральных пракуратураў. Гэта пакуль замінае апэратыўна атрымліваць усе патрэбныя сьледзтву зьвесткі.
Зь месца здарэньня ўзятая для аналізу зямля, каб даведацца, ці не перавозіў самалёт наркатычнае рэчыва. Камісія Дзяржкамавіяцыі павінна вызначыць: ці самалёт загарэўся ў паветры, або пасьля таго, як сутыкнуўся зь зямлёю. Паводле пракурора, каб легальна перасекчы паветраную мяжу Беларусі, трэба атрымаць дазвол у Дзяржкамавіяцыі і мапу з маршрутам палёту. Ад пілёта разьбітага самалёта такая заява не паступала.