“Звезда”, 1923 год:
“Цяпер Менская конна-чыгуначная дарога мае працягласьць 5 вёрст і ахоплівае 7 цэнтральных і гандлёвых вуліцаў. Для ўзмацненьня руху набытыя яшчэ 22 кані. Цяпер курсуюць 11 наноў адрамантаваных зімовых вагонаў. Штодня ў сярэднім па коннай чыгуначнай дарозе праяжджае 2765 чалавек, у тым ліку да 500 міліцыянтаў і сяброў Гарсавету — бясплатна. За апошні час прыбытак ад конкі склаў 1.519.768 рублёў”.
“Чырвоная змена”, 1963 год:
“Ужо трэці год малады навуковы супрацоўнік хіміка-фармацэўтычнага інстытуту ў Ленінградзе Валянціна Нікалаева займаецца вывучэньнем лекавых расьлін Беларусі. “Мая калекцыя беларускіх лекавых расьлін, — расказвае Валянціна Нікалаева, — складаецца з 284 відаў. Але гэта далёка ня ўсё, чым багата беларуская флёра. Цікава, што з гэтай колькасьці толькі 124 віды выкарыстоўваюцца навуковай мэдыцынай. Астатнія дзікія расьліны, з даўніх часоў вядомыя народнай мэдыцыне сваімі лекавымі ўласьцівасьцямі, пакуль што ня вывучаны”. Пад кіраўніцтвам прафэсара А.Ф.Гамэрмана беларуская асьпірантка склала навукова абгрунтаваныя даведкі аб шэрагу расьлін, якія рэлігія падносіць веруючым як “сьвятыя”. Праверка ў лябараторыі адвяргае гэтыя бязглуздыя выдумкі”.
“Могилевские ведомости”, 1993 год:
“Упраўленьне адукацыі аблвыканкаму правяло двухдзённы сэмінар-практыкум у праблемах разьвіцьця беларускай нацыянальнай школы. Праходзіў ён у Глуску, дзе ўдзельнікі — загадчыкі гарадзкіх і раённых аддзелаў адукацыі — азнаёміліся з практычнай работай мясцовых пэдагогаў па фармаваньню нацыянальнай сьвядомасьці. Удзельнікі сэмінару прысутнічалі пры правядзеньні традыцыйных нацыянальных абрадаў, у тым ліку хрышчэньня. Пры падвядзеньні вынікаў сэмінару яны поўнасьцю падтрымалі ідэю адраджэньня беларускай нацыянальнай культуры, мовы. Але ў ажыцьцяўленьні гэтай важнай задачы сур’ёзнай перашкодай зьяўляецца адсутнасьць падручнікаў, наглядных дапаможнікаў, а галоўнае — сродкаў на іх набыцьцё пры цяперашніх высокіх коштах”.